Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Economist: Расея «па-дурному» не запрашае назіральнікаў NATO на вучэньні «Захад-2017»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Гэтак брытанскае выданьне ацэньвае факт, што NATO не атрымала запрашэньня з Масквы паназіраць за вучэньнямі «Запад-2017», якія пройдуць з удзелам расейскіх і беларускіх вайскоўцаў у верасьні, у асноўным на тэрыторыі Беларусі.

«Найбуйнейшыя вучэньні ў Эўропе з часоў халоднай вайны будуць праводзіцца ва ўмовах сакрэтнасьці і недаверу», — піша Economist, дадаючы, што паводле ацэнак NATO, у іх могуць быць задзейнічаныя да 100 тысяч вайскоўцаў, хоць афіцыйна называецца лічба 13 тысяч.

Выданьне прыгадвае, што — нягледзячы на запэўніваньні Крамля аб абарончым характары манэўраў «Захад», якія праводзяцца праз кожныя чатыры гады — вучэньні «Захад-2009» закончыліся імітаваным ядзерным ударам па Варшаве, што ня надта ўкладваецца ў сэнс слова «абарончы».

Вучэньні «Захад-2013», адзначае брытанскі тыднёвік, мелі менш агрэсіўны характар, але на іх прайшлі тэсты абсталяваньня і тактычных прыёмаў, якія былі скарыстаныя паўгода пазьней, падчас захопу Крыму і таемнага ўварваньня на Данбас.

«Сакрэтнасьць, якая ахутвае расейскія вучэньні, толькі робіць іх больш пагрозьлівымі. Спадар Пуцін ігнаруе заклікі да большай празрыстасьці з боку Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ)… У адпаведнасьці зь Венскім дакумэнтам, які падпісала Расея, краіны, якiя ажыцьцяўляюць вучэньні з удзелам больш чым 9 тысяч вайскоўцаў, павінны загадзя паведамляць аб іх. Калі ў вучэньнях удзельнічаюць больш чым 13 тысяч вайскоўцаў, гэтыя краіны павінны таксама запрасіць назіральнікаў зь іншых краінаў АБСЭ», — піша Economist.

Тыднёвік заключае:

«Расея кажа, што яна не заслугоўвае таго, каб ставіцца да яе з такім падазрэньнем. Але гэта пераважна яе віна. Яна магла б запрасіць заходніх назіральнікаў на Захад-2017. Яна магла б таксама спрабаваць наладзіць лепшыя вайсковыя кантакты з NATO. Гэты кантакты, якія NATO імкнецца наладзіць, могуць зьнізіць рызыку праліку ў сытуацыі, калі нармальныя дыпляматычныя адносіны напружаныя. Калі ўсё-ткі Расея сапраўды намерылася дзейнічаць запалохваньнем і пагрозамі, у NATO ня будзе іншага выбару, акрамя як рыхтавацца да горшага».

Тым часам у Міністэрстве абароны Беларусі Свабодзе паведамілі, што Беларусь запрасіла 80 міжнародных назіральнікаў на вучэньні «Захад-2017».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG