— Маем шчасьце назіраць, як паліцэйская краіна ператвараецца ў краіну вайсковай дыктатуры, — нявесела пасьміхаецца адзін.
Другі дадае, што, маўляў, якая розьніца, абое рабое. Мала што зьменіцца, бо па факту й так жывем пад каўпаком. Хіба што стане звыклай зброя на вуліцах.
Трэці заўважае, што якраз візуальная прысутнасьць зброі на вуліцы —самае значнае ў гэтай пастаноўцы, бо, як вядома, стрэльба на сьцяне мусіць стрэліць.
Сьледам мужчыны пачынаюць разважаць, да якой вайсковай дыктатуры будзе падобная ў нас. Гучаць назвы краінаў: Чылі, Польшча, Аргентына, М'янма...
Я гляджу на гэтых саракагадовых мужчын, за сьпінамі якіх, пэўна ж, жыцьцёвы досьвед, адказнасьць за свае сем’і, нейкія пляны на будучыню, і ўяўляю карціну: па вуліцы Першамайскай, дзе я жыву, рухаецца камэнданцкі ўзвод на бэтээрах.
Праўда, мяне найперш хвалюе адно важнае пытаньне, ці будзе гэты ўзвод з апазнавальнымі знакамі, ці салдаты будуць такія ж невядомыя са зброяй і ў камуфляжы, якія ўжо езьдзяць у віцебскіх трамваях?
Усё ж, чым выкліканыя і супраць каго й чаго скіраваныя захады ўлады пра вайсковыя патрулі?
Валер Карбалевіч у сваім нядаўнім допісе мяркуе, што гэта вынікі псыхалягічнае траўмы Лукашэнкі ад веснавых падзеяў, маршаў недармаедаў, 25 сакавіка.
Можа быць, але я схіляюся да думкі, што страхі ўлады ляжаць у іншай плоскасьці, зусім ня ў боязі свайго народа.
Калі зірнуць навокал, то міліцэйскіх патрулёў розных гатункаў у нас больш, чым трэба. Тут табе і жаўнеры тэрміновай службы, і экіпажы патрульна-паставой службы, і рознакаляровыя амонаўсія барэты каля кожнага плоту. Беларусь, як вядома, краіна, дзе на душу насельніцтва гэтых патрулёў прыпадае больш, чым дзе. Яны даюць рады не адно любым дзеяньням тытульнае апазыцыі, але і ўтрымваюць крымінагенную сытуацыю. Вайсковых дадаюць для ўзмацненьня ў тых выпадках, калі можа здарыцца грамадзянскі канфлікт альбо збройная правакацыя, калі міліцыя можа ня справіцца альбо не адпавядаць сытуацыі, як, прыкладам, з тымі самымі «зялёнымі чалавечкамі» ва Ўкраіне.
Улада РБ, пэрсаніфікаваная ў адной асобе, даволі падазроная й палахлівая. А палохацца й падазраваць пасьля Крыму й Данбасу для яе ёсьць каго й чаго. Чым менш часу застаецца да расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў Захад 2017, тым больш адчуваецца напруга ў нетрах адміністрацыі.
Мэдыя-прастора вакол тэмы гэтых вучэньняў наэлектрызаваная. Яна стала прысутнічае ў СМІ ў выглядзе то заяваў НАТО, то ў рэакцыі суседзяў, то ў прагнозах, што Захад 2017 паслужыць нагодай і падставай да замены расейцамі Лукашэнкі на больш спрыяльную фігуру.
Запэўніваньні ўладаў РБ, маўляў, усё кантралюем, толькі дадаюць сумневаў наконт сапраўднасьці й якасьці гэтага самага кантролю.
Паралельна йдуць цікавыя працэсы. Пераносіцца Дзень дэсантніка, з магчымай мэтай зрабіць дадатковую рэкагнастыроўку й трэніроўку для сіл спэцыяльных апэрацый у сталіцы. Адбываецца імклівы візыт ва Ўкраіну, дзе дзьве гадзіны цягнецца таямнічая размова Лукашэнкі й Парашэнкі. Нарэшце, заяўляецца пра вайсковую дапамогу міліцэйскім патрулям напярэдадні Захаду 2017.
Уся хада палітычных падзеяў за апошнія дваццаць гадоў сьведчыць, што ўлада РБ найбольш баіцца дзеяньняў той краіны, да якой наймацней сябе прывязала. І тут вайскоўцы на вуліцах, як і тыя заявы пра «ўсё пад кантролем» — адзін са спосабаў заспакоіць, перадусім сябе.
Ці дапаможа такі крок у сытуацыі рэальнай пагрозы, сказаць немагчыма. Адзінае, у чым ён можа дапамагчы, дык гэта даць зразумець беларускаму грамадзтву, што кантэкст, у якім яно існуе, зьмяняецца радыкальна, імкліва й непрадказальна.
— Калі ты ўбачыш вайсковыя збройныя патрулі на вуліцах, ты зразумееш, што існуеш у іншай краіне, — заўважае сваім сябрам той з мужчынаў, які нагадаў пра стрэльбу на сьцяне.
— І што тады рабіць? — пытаецца адзін зь ягоных прыяцеляў.
Пытаньне завісае ў паветры, цягнецца паўза. Мужчыны глядзяць адно на аднаго, я — незаўважна — на іх.
На прыпынку яны моўчкі выходзяць, пакідаючы мяне сам-насам з гэтым пытаньнем.
Беларусы маюць вялікі досьвед як разнастайных партызанак, гэтак і калябарацый, і адказваць на пытаньне, а што калі стрэльба на сьцяне стрэльне, кожны будзе сам.
Так было заўжды.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.