Я ў сваім школьным дзяцінстве любіў глядзець цітры ў рэдкіх тады на савецкіх экранах заходніх фільмах. Мяне зачароўвалі прозьвішчы кшталту Kowalski, Panasiuk, Mickiewic ды іншы ўмоўны Brzęczyszczykiewicz.
Я разумеў, што гэта «нашы людзі ў Галівудзе». Палякі, украінцы і беларусы ў заходнім сьвеце. Тады такім далёкім і прывабным праз сваю недасяжнасьць. Нашы людзі — з сацыялістычнага лягеру і моўна блізкага кавалку геаграфіі.
Беларускую лацінку няправільна прачытаюць!
Ад Чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году ў беларускім сеціве не спыняюцца дыскусіі на тэму «як правільна пісаць лацінкай геаграфічныя назвы ды імёны-прозьвішчы». Акурат у 2014 беларусы ўбачылі назвы вуліц і станцый мэтро афіцыйна зацьверджанай лацінкай.
«Беларускую лацінку няправільна прачытаюць!» — гучным хорам скандуюць прыхільнікі «пісаць па-ангельску».
Калі я чарговы раз бачу пытаньне кшталту «Slutsk, Sloutsk, Slootsk. Як па-ангельску напісаць назву гораду?», я ўзгадваю, што маё прозьвішча Kviatkouski ніхто за мяжой не прачытаў правільна зь першага разу. Калі ў Заходняй Эўропе затык адбываўся на «kvia», то ў Польшчы, як ні дзіўна, на «ous».
А яшчэ я ўзгадваю цітры з умоўнымі Бжэнчышчыкевічамі, якія не зьмянялі свае прозьвішчы «шоб па-англійскі было правільна панятна».
З такім вось прозьвішчам чалавек зрабіў сабе кар’еру адной з ключавых фігур нацыянальнай бясьпекі ЗША.
Самы вядомы амэрыканец з «невымаўляльным прозьвішчам» — Zbigniew Brzezinski. Ня ведаю як вымаўляецца па-ангельску літаразлучэньне Brzezinski, але відавочна не Бжэзінскі. Але з такім вось прозьвішчам чалавек зрабіў сабе кар’еру адной з ключавых фігур нацыянальнай бясьпекі ЗША.
Што рушыла Бжэзінскім? Мог жа мімікрыраваць пад якога «Mr. Brez». Як па мне, у такіх выпадках людзі кіруюцца нацыянальнай і чалавечай самапавагай.
Каб палюбіць беларускую лацінку, трэба палюбіць сваю краіну і сябе ў ёй на 100%. Тады зьявіцца 100% павагі і самапавагі. І пытаньне «якой лацінкай пісаць» адпадзе само сабой — бо толькі сваёй.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.