500 гадоў беларускага кнігадрукаваньня: новыя ацэнкі, новыя факты, новыя загадкі. Кожны дзень да 6 жніўня — чарговая частка цыклю.
Русінства
Пра сваю нацыянальнасьць ня раз казаў сам першадрукар:
«...не можем ли... послужити посполитому люду рускаго языка...»
«...я, Францишек, Скоринин сын с Полоцька, в лекарских науках доктор, повелел есми Псалтырю тиснути рускыми словами, а словенскым языком...»
«...абы братия моя Русь...»
Зразумела, што Скарына лічыў сябе рускім, русінам.
Называлі сябе так і пасьлядоўнікі Скарыны. Напрыклад, Васіль Цяпінскі пісаў пра сябе:
«русин... своеи Руси услугуючий».
У 1588 годзе Статут ВКЛ пад рэдакцыяй Лява Сапегі пастанаўляў:
«А писар земски маеть поруску литерами и словы рускими вси листы, выписы и позвы писати, а не иншим езыком и словы...»
У дакумэнтах Кракаўскага ўнівэрсытэту ў запісе пра наданьне Скарыну ступені бакаляўра пазначана «Францішак з Полацка, ліцьвін». Большасьць беларускіх гісторыкаў лічаць, што ў гэтым выпадку быў выкарыстаны не этнонім, але палітонім.
У дакумэнтах Падуанскага ўнівэрсытэту нацыянальнасьць Францішка Скарыны вызначаецца лацінскімі тэрмінамі «ruthenus» або «rutheno». Звычайна іх перакладаць як русінскі, русін і кажуць, што яны, нібыта, пайшлі ад лацінскай назвы кельцкага племені рутэнаў, перанесенай у сярэднія вякі на Русь.
У той жа час нашы ўсходнія суседзі — расейцы, знаходзяць слова «русін» ужо ў Аповесьці мінулых гадоў ХІ-ХІІ стагодзьдзяў і лічаць яго тагачаснай саманазвай усходніх славян.
Тым ня менш, у Вялікім Княстве Літоўскім рускімі ці русінамі называлі толькі беларусаў і ўкраінцаў, а ўсходніх суседзяў звалі маскавітамі.
У XVI стагодзьдзі Захад беларусаў не разгледзеў
Заходнія навукоўцы цяпер трымаюцца за тэрмін «русін» вельмі моцна. Яны сьцьвярджаюць, што ў ХV-XVII стагодзьдзях не існавала ніякіх беларусаў і ўкраінцаў, а былі толькі русіны. На Захадзе славісты, якія вывучаюць культуру Заходняй Русі, кажуць, што займаюцца «русіністыкай».
Старабеларускую мову, якая была дзяржаўнай ў Вялікім Княстве Літоўскім, заходнія навукоўцы цяпер называюць спэцыяльным тэрмінам «простамова». Пачынае прыжывацца гэты тэрмін і ў Літве, дзе раней старабеларускую мову называлі «канцылярскай мовай ВКЛ».
Калі нешта было, але так не называлася, яно ўжо было
Але беларусаў пазыцыя італьянцаў або немцаў не павінна турбаваць. Беларуская навука і публіцыстыка маюць поўнае права адмовіцца ад гэтых тэрмінаў — і ад «русінаў», і ад «простамовы», замяняючы іх (за выключэньнем вузкаспэцыяльных выпадкаў) тэрмінамі «беларус» і «беларускі». Зрэшты, так яно ўжо і рабілася ў другой палове ХХ стагодзьдзя беларускімі гісторыкамі, філёзафамі і этнографамі. І цяпер заходні вопыт тут пераймаць ня варта.
Выдатны беларускі этнограф, доктар гістарычных навук Ігар Чаквін у сваёй працы «Этнаграфія беларусаў эпохі Скарыны» пісаў, што ў канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзяў ужо існавала фэадальная этнічная супольнасьць беларусаў — народнасьць.
Са шматлікіх пісьмовых крыніц — Мэтрыкі і Статутаў ВКЛ, з друкаваных кніг, з дадзеных лінгвістыкі і татарскіх кітабаў мы дакладна ведаем, што беларуская мова ў XVI стагодзьдзі ўжо існавала, як і ўкраінская. Прычым размоўны варыянт практычна нічым не адрозьніваўся ад варыянту, напрыклад, ХХ стагодзьдзя.
Нішто нам сёньня не замінае перакладаць тэрміны «ruthenus», «rutheno», «русін», «рускі» як беларус і беларускі. Украінцы маюць такое ж права перакладаць іх як украінец і ўкраінскі адносна сваіх дзеячоў і сваёй тэрыторыі.
Тыя замежныя гісторыкі, якія жорстка трымаюцца тэрмінаў «русін» і «русінскі», спасылаючыся пры гэтым на чыста навуковую дакладнасьць, нярэдка прыходзяць да нявыгадных нашаму народу палітычных высноваў.
Таму беларускі прынцып і рацыя тут такія: калі нешта ўжо было, але так не называлася, яно ўжо было.
Наш Францішак Скарына быў беларусам.