Лідэр Беларускіх незалежных прафсаюзаў Мікалай Зімін і скарбніца гэтага прафсаюзу Сьняжана Грынцэвіч праходзяць сьведкамі ў крымінальнай справе, якую завялі супраць кіраўнікоў аднаго з прафсаюзаў.
Пасьля допыту ў Менску 2 жніўня прадстаўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК адпусьцілі Зіміна і Грынцэвіч, і тыя вярнуліся дахаты ў Салігорск.
Пасьля допытаў адпушчаныя таксама старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч і былая рэдактарка прафсаюзнага сайту Натальля Пічужкіна.
Галоўны бухгальтар прафсаюзу РЭП Ігар Комлік накіраваны ў менскі Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна.
Таксама пасьля допыту адпушчаны старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук.
2 жніўня супрацоўнікі праваахоўных органаў правялі ператрус на офісах БНП у Салігорску і РЭП у Менску. Былі сканфіскаваныя кампутары. Таксама ператрусы прайшлі ў кватэрах прафсаюзных актывістаў.