Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка 2 жніўня падчас сэлектарнай нарады жорстка скрытыкаваў чыноўнікаў за правалы ў падрыхтоўцы да ўборачнай кампаніі і запатрабаваў, каб яны ўзначалілі ўборку ўраджаю.
Ён спытаўся ў прэмʼер-міністра Андрэя Кабякова, чаму той не пракантраляваў, як выконваецца рашэньне ўраду аб падрыхтоўцы тэхнікі да ўборкі ўраджаю.
«Чаму міліцыю не арганізавалі? Чаму пракурора не папрасілі дапамагчы? Чаму КДК не задзейнічалі за паўгода? Трэба было прэмʼер-міністра клікаць у рэзыдэнцыю прэзыдэнта, каб спытаць з вас і задачы паставіць?»
Андрэй Кабякоў адказаў, што ў 30% арганізацый праблемы маюць хранічны характар.
Паводле Лукашэнкі, гэта азначае, што ў краіне не зьбіраюцца сабраць нават 3 мільёны тон хлеба.
«Пара ўраду вылазіць з кабінэтаў», — сказаў Лукашэнка.
Таксама Лукашэнка даручыў кіраўніцтву МУС і Камітэта дзяржкантролю дакладваць пра выпадкі псаваньня гарантыйнай тэхнікі. «За няякасную тэхніку адказвае пэрсанальна Сямашка».
Ён даручыў праваахоўным органам і Камітэту дзяржаўнага кантролю выявіць і пакараць вінаватых у зрыве ўборачнай кампаніі.
«Усе вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці. З 1 кастрычніка пачынайце маніторыць і прымаць меры, патрабуйце з кіраўнікоў», — цытуе кіраўніка краіны прэзыдэнцкая прэс-служба.
Таксама Лукашэнка заявіў, што гэты год — момант ісціны для трох «губэрнатараў» у Беларусі: старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоля Ліса, Гарадзенскага — Уладзімера Краўцова і Гомельскага — Уладзімера Дворніка.
«Але тры губэрнатары — гэта тыя, якія ў гэтым годзе памры, але дай вынік вышэйшы, чым у мінулыя гады».
Таксама Лукашэнка сказаў кіраўнікам палат Нацыянальнага сходу Міхаілу Мясьніковічу і Ўладзімеру Андрэйчанку, каб тыя неадкладна выехалі ў вобласьці для арганізацыі ўборачнай кампаніі.
«Ён у Віцебскую вобласьць, а вы ў Берасьцейскую. Вы зараз адносна вольныя. Таму арганізоўвайце там уборачную кампанію. Гэта тычыцца і Зася, гэта тычыцца Зайца — гэта людзі дужыя, пісьменныя, дасьведчаныя — дый іншых упаўнаважаных. Усякія водпускі, усякія выезды без майго ведама за межы краіны ўсім забараняюцца. Усё павінна быць зьвернута цяпер на працу ў вёсцы».