Беларусаў любяць, бо ня ведаюць

Севярын Квяткоўскі

— Мяне ў Тбілісі бясплатна напаілі-накармілі ў кавярні за тое, што я беларус.

— Зь мяне ў Львове за праезд не ўзялі, калі дазналіся, што я зь Менску.

— А мне ва Ўкраіне хвалілі Беларусь і прасавецкія, і праўкраінскія людзі. Адны за прасавецкасьць, другія за змаганьне з дыктатурай, але ўсе разам за «парадак».

Вось ужо і расейскі блогер Ільля Варламаў раіць суайчыньнікам прадстаўляцца за мяжой беларусамі.

Беларусаў шмат дзе любяць, бо ня ведаюць.

Беларусы ня лезуць у палітычныя дыскусіі з замежнікамі — «а сэнс?»

Беларусы вонкава спакойныя і рэальна законапаслухмяныя. Беларусам без праблем даюць візы і работу за мяжой. Беларусы ня лезуць у палітычныя дыскусіі з замежнікамі — «а сэнс?». Беларусы вельмі прагматычныя.

Можна распавесьці пра беларусаў, якія «Крым наш», але гэта людзі, якія нікуды не выбіраюцца далей за краму (агарод) і тэлевізар.

Іншыя беларусы — мабільныя. Яны зь візамі і ў дарозе: Хмяльніцкі, Чарнігаў, Смаленск, Масква, Дзьвінск, Вільня, Беласток, Тэрэспаль і Варшава.

Хочаш жыць — умей размаўляць. У тым ліку ведай пару сказаў на мове суседзяў.

Мабільнасьць для многіх вымушаная — трэба зарабіць. Але мабільнасьць вучыць камунікацыі з прадстаўнікамі іншых культур. Хочаш жыць — умей размаўляць. У тым ліку ведай пару сказаў на мове суседзяў. І дай рады з валютамі.

Беларус ніколі ня скажа: «Я не разьбіраюся ў вашых нулях». Толькі пракруціць у галаве дзейны на сёньня курс валют.

Беларусаў ня ведаюць, а калі дазнаюцца пра ўспрыняцьцё беларусамі сваёй гісторыі, пачынаецца адваротная рэакцыя. «Вашы бралі Маскву?», «Вашу заходнюю БНР акупаваў Пілсудзкі?», «Ваша ВКЛ?». Шок. Клічнікі пасьля пытальнікаў.

Вы праўда прэтэндуеце на незалежнасьць і самадастатковасьць?

Так, мы прэтэндуем. Прыемна пазнаёміцца. Давайце дамаўляцца, як далей жыць разам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.