7 парадаў ад Паўла Вінаградава ў карцінках. Як паводзіць сябе падчас затрыманьня і на «сутках»
Выпадак з жыцьця: «Быў мітынг прадпрымальнікаў. Мяне заўважаюць некалькі міліцыянтаў. А ў мяне ў руках расьцяжка. Складваю яе, спрабую сысьці. Яны даганяюць і пачынаюць вельмі моцна ўгаворваць мяне прайсьці ў аўтазак. Кідаюся на зямлю і крычу: „Не, не, не!“ Яны мяне круцілі прыкладна хвіліну. Але потым зразумелі, што нічога не атрымліваецца. Вельмі шмат сілаў трэба. Проста кінулі мяне і пайшлі затрымліваць некага іншага».
Выпадак з жыцьця: «Гэта ў большасьці выпадкаў выглядае агідна. Мала таго што не дапаможа, дык яшчэ і выглядае так сабе. Я ня ведаю ніводнага выпадку, калі некага адпускалі. Адзінае, што магчыма паспрабаваць зрабіць, — прыкінуцца, што вам дрэнна, „адкасіць“. Ідэальна гэта атрымліваецца ў пажылых людзей. Яны хапаюцца за сэрца, кажуць, што ім дрэнна. Я такое бачыў, гэта працуе. Малады можа паспрабаваць, калі яму падчас затрыманьня надавалі па галаве дубінкай. Тады можна сказаць, што галава кружыцца, ванітуе. Такія людзі ў пастарунку не патрэбныя і іх адпускаюць».
Выпадак з жыцьця: «Неяк у гандлёвым цэнтры „Сталіца“ была акцыя — пад столь запусьцілі на балёніках сьцяг. Пасьля акцыі затрымалі аднаго з удзельнікаў. Толькі аднаго. Адвезьлі ў Маскоўскі РУУС і кажуць — раскажы, хто з табой быў, хто арганізатар. Будзе табе штраф і пойдзеш дадому. Ён расказаў. Пра адну дзяўчыну. Яе ўзялі, таксама распытваюць — хто дапамагаў. Яна маўчыць. У выніку абодвух адвезьлі ў суд і далі па пяць сутак. Ніякай розьніцы. Ну і здаваць сваіх непрыгожа».
Выпадак з жыцьця: «Перад тым як зьмясьціць вас у камэру, на Акрэсьціна папросяць цалкам разьдзецца і тройчы прысесьці. Я так шмат разоў рабіў і ня стаўлюся да гэтае працэдуры з агідай. Але калі вы ня хочаце разьдзявацца, ёсьць адзін спосаб. Праверана на сабе. Трэба проста сказаць міліцыянтам, каб яны самыя здымалі з вас штаны, калі ім хочацца. Маўляў, супраціўляцца вы ня будзеце. Я так разоў сем спрабаваў і яны ніколі не здымалі зь мяне штаны самастойна».
Выпадак з жыцьця: «Ніякіх крымінальных парадкаў на Акрэсьціна няма. Вельмі-вельмі рэдка гэта можна сустрэць. Але вось проста не, ня будзе з вамі такога. Там сядзяць людзі, якія ў асноўным займаюцца альбо дробнымі крадзяжамі ў крамах, альбо тыя, каго ўчастковыя рыхтуюць да ЛПП, альбо выпадковыя, альбо бяздомныя... Зойдзеце ў камэру — знаходзіце свабоднае месца, займаеце яго і ўсё. Працуюць асноўныя правілы. Не карыстацца прыбіральняй, пакуль людзі ядуць, самому мыць рукі пасьля прыбіральні. Не чапляцца ні да кога. Гэтага будзе дастаткова».
Выпадак з жыцьця: «Бярыце з сабой мінімум два рулёны туалетнай паперы, цыгарэты, запальнічкі цяпер можна браць, сшытак, асадкі, шампунь (ім можна таксама мыць прыбіральню, пах у камэры ў асноўным ад яе), сурвэткі, зубная шчотка, пажадана ў чахле, некалькі камплектаў бялізны, кнігі, вялікі ручнік (ім можна накрыцца, калі будзе вельмі халодна). А вось мыла трэба браць шмат. Навошта? Аднойчы я сядзеў з чалавекам, у якога былі вялікія праблемы з кішачнікам. Настолькі вялікія, што гэта было немагчыма. Я даваў яму сваё мыла мыць вопратку. Яно хутка скончылася. З таго часу заўсёды раю браць вельмі шмат мыла».