Украіна-Беларусь: парадоксы сяброўства

Адзіным прэзыдэнтам Украіны, які прынамсі разок пасварыўся з Аляксандрам Лукашэнкам, быў Віктар Януковіч. У 2011 годзе прэзыдэнт Украіны адклікаў запрашэньне для беларускага калегі на буйную канфэрэнцыю ў Кіеве, прысьвечаную гадавіне Чарнобыльскай катастрофы. Тады гаварылася, што тагачасны старшыня Эўракамісіі Мануэль Барозу, які быў ганаровым госьцем канфэрэнцыі, паставіў катэгарычную ўмову – ці ён, ці Лукашэнка.

Лукашэнка тады ў крыўдзе сказаў, што ва ўкраінскага кіраўніцтва «хапае вашывасьці», а Барозу назваў «казлом».

Акрамя таго інцыдэнту – дык і не прыгадаеш, калі б афіцыйны Кіеў нешта закідаў беларускаму кіраўніку наконт дыктатуры, палітвязьняў, несвабоды і нечага падобнага.

Цяпер словы Пятра Парашэнкі пра «сябра – майго асабістага і Ўкраіны», можна патлумачыць сумнай прымаўкай: вайна – ня маці родная. Каб яе хоць неяк прадухіліць, дык і ня тое скажаш. Але ці толькі ў вайне справа?

Зразумела, абяцаньні Аляксандра Лукашэнкі, што з поўначы на Ўкраіну войскі ня пойдуць – гарантыя не жалезная, мякка кажучы. А што жалезная? Вось Будапэшцкі мэмарандум, дык там і ў загалоўку было напісана – Аб гарантыях бясьпекі. І падпісалі ж яго ня толькі «апошні дыктатар Эўропы», а і першыя дэмакраты сьвету. Ну, і? Ну, і нежалезныя аказаліся тыя гарантыі.

Але калі ёсьць небясьпека новага фронту вайны, то нават нежалезныя гарантыі, хай нават і ад дыктатара – гэта лепш, чым іх адсутнасьць.

Але я – не пра асабіста Парашэнку, а пра трэнд. Ну, цяпер вайна. А за часамі Юшчанкі яе не было. Але стасункі былі цудоўныя. І прэзыдэнт першага Майдану быў адным з самых зацятых лябістаў афіцыйнага Менску (нагадаю, «апошняй дыктатуры Эўропы»).

Чаму? Ну, найперш – дзеля мары пра ўкраінскае геапалітычнае лідэрства ў рэгіёне, дзеля мары пра тое, як Украіна вырве з лапаў Масквы сястру-Беларусь і прывядзе разам з сабой у Эўропу.

Ну, а раней, пры Кучму, хіба ня тое самае было? Можа, асаблівай жарсьці ў абдымках і прызнаньняў у любові і не назіралася, але і ніякіх філіпікаў і абвінавачваньняў на вышэйшым узроўні не было і блізка. Чаму? Магчыма, пэўныя бізнэс-інтарэсы.

Варта сказаць, што і зь Януковічам, акрамя выпадку ў 2011 годзе, стасункі былі прынамсі рабочымі. Ніякага сьвятога абурэньня тыраніяй, як сталай палітыкі Кіеву, не было і тады.

Калі казаць пра супрацьлеглую пазыцыю асобаў больш-менш высокіх, дык прыгадваюцца адно словы Юліі Цімашэнкі адразу пасьля першага Майдану: «Хацелася б экспартаваць вам троху «памаранчавай» рэвалюцыі. Хочацца, каб вашу апазыцыю натхнілі нашы перамогі і наш досьвед. У нас былі цудоўныя стасункі пасьля грузінскай рэвалюцыі між Грузіяй і Ўкраінай. Наступная эстафэта – між Украінай і Беларусьсю».
Але нешта не задалося ні з экспартам, ні з эстафэтай. Магчыма, ня надта і хацелася.

Ну, а калі казаць усё ж пра першых асобаў, то назіраньне за трэндам прымушае дапусьціць, што справа ня ў нейкіх ad hoc матывах: у Кучмы – бізнэс, у Юшчанкі – ідэалёгія і геапалітыка, у Парашэнкі – вайна.

Гэта ўсё проста розныя іпастасі, вымярэньні аднаго – украінскіх нацыянальных інтарэсаў, як іх усьведамляе тамтэйшая эліта, палітыкум, як там называюць.

Не, абрынуць праклёны на суседнюю дыктатуру ў друку, у інтэрнэце, у Радзе, тым больш на пікеце ці нават атакай на дыктатара аголеным бюстам – гэта калі ласка. Але гэта і ўсё. Тая ж Цімашэнка, кажучы пасьля перамогі Майдану пра «экспарт рэвалюцыі», неўзабаве на пасадзе прэмʼера пачала казаць зусім іншае. Ці дыпляматычна маўчаць.

Ужо чаму ўкраінскай эліце так патрэбныя ня толькі добрыя адносіны з Беларусьсю, але і прыязныя жэсты на адрас беларускага кіраўніка – можна спрачацца. Але даволі працяглая гісторыя двухбаковых адносінаў сьведчыць пра тое, што менавіта так украінская эліта нацыянальныя інтарэсы сваёй краіны і вызначае. Адзін выпадак – гэта выпадак, два, тры, пяць – гэта ўжо заканамернасьць.