Акцыю падчас супольнай заявы кіраўнікоў Беларусі і Ўкраіны Аляксандра Лукашэнкі ды Пятра Парашэнкі зладзіла былая навучэнка Нацыянальнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Драгаманава Анжэліна Дыяш.
Паводле актывісткі арганізацыі Ганны Гуцал, яе цяперашняе месцазнаходжаньне невядомае.
«Зь ёю пакуль няма сувязі, мы ня ведаем, дзе яна. Шукаем з адвакатам, — паведаміла Свабодзе Гуцал. — Рух Femen такім чынам выказаў сваё стаўленьне да візыту беларускага дыктатара ва Ўкраіну. Сотні ўкраінцаў загінулі і працягваюць гінуць за дэмакратыю і свабоду Ўкраіны, але сёньня на афіцыйным узроўні ў нашай краіне прымаюць чалавека, які ў сваёй краіне забівае, выкрадае людзей і душыць усялякае іншадумства».
Падобныя акцыі Femen часта ладзіць у сувязі з палітычнымі або грамадзкімі падзеямі. Актывісткі ладзілі ў 2011 годзе топлес-акцыю ў тым ліку пад дзьвярыма беларускага КДБ, адна з жанчын выступала ў ролі Аляксандра Лукашэнкі. Пазьней актывісткі заяўлялі, што беларускія праваахоўнікі іх зьбілі, абстрыглі і без дакумэнтаў кінулі ў лесе. Таксама актывісткі ладзілі ў Кіеве «Начную атаку на Лукашэнку» ў 2013 годзе.