Стэфановіч: «Як толькі Асамблея АБСЭ прайшла, улады перайшлі да рэпрэсіўнай практыкі»

Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды аднаўленьне судовага канвэеру ў Менску. Сёньня за акцыю салідарнасьці 22 чэрвеня трое актывістаў пакараныя штрафамі ад 30 да 50 базавых, а трое атрымалі ад 15 да 10 сутак арышту.

— Калі перад самітам АБСЭ вызвалілі ўсіх фігурантаў справы «Белага легіёну», мы адзначылі ў сваім аглядзе, што ў нас гэта выклікае асьцярожны аптымізм. Але зарана казаць, што ўлады перайшлі да мяккіх практык. Тут трэба большы тэрмін, каб за гэтым паназіраць. І вось мы бачым цяпер, што за ўдзел у пікетах прысуджаюць арышты, а ня штрафы.

Нагадаю для кантэксту, што крымінальная справа супраць «Белага легіёну» ня спыненая, у яе межах адбываюцца сьледчыя захады. Зьявіліся іншыя крымінальныя справы, пачатыя з палітычных матываў: гэта справа супраць віцебскага доктара Паснова за пост у сацыяльных сетках і справа супраць наваполацкага прадпрымальніка за «абразу прэзыдэнта».

Усё гэта сьведчыць, што мы ня можам казаць пра зьмены ў тактыцы ўладаў і пераход да мяккіх практык, характэрныя для пэрыяду ад жніўня 2015 да лютага 2017 году.

— Максіма Вінярскага асудзілі на 15 сутак завочна. А вось Вользе Мікалайчык і Леаніду Кулакову, якім далі 10 сутак, дазволілі цягам 5 сутак абскардзіць прысуд. Што гэта азначае, ці можна гэта лічыць мяккай практыкай? Ці ёсьць шанец, што прысуды адменяць?

— Гэта не адносіцца да мяккіх практык. Проста паводле Працэсуальна-выканаўчага кодэксу пастанова пра вынясеньне арышту выконваецца неадкладна. Мы якраз крытыкавалі ўладу, што людзі адбываюць арышт, а пастанова яшчэ не ўступіла ў законную сілу, бо пяць дзён даецца на абскарджваньне. Ну а тут судзьдзя зь нейкіх прычынаў, магчыма, проста канвой не прыехаў, даў пяць дзён на абскарджваньне. У прынцыпе гэта адпавядае сэнсу касацыйнага абскарджваньня пастановы, якая не ўступіла ў законную сілу. Наколькі гэта нейкая тэндэнцыя — сказаць цяжка. Альбо гэта нейкі прыватны выпадак.

Зыходзячы з сытуацыі ў цэлым па краіне, мы ня можам сказаць, што ўлады нейкім чынам пераасэнсоўваюць падыходы. Факт правядзеньня ў Менску Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ меў кароткатэрміновы ўплыў на сытуацыю, калі людзей не чапалі на пікетах. Але як толькі Асамблея прайшла, улады перайшлі да рэпрэсіўнай практыкі да ўдзельнікаў масавых сходаў.