Яго прызналі вінаватым у незаконным перасячэньні дзяржаўнай мяжы (за паездкі ў так званы Нагорны Карабах) і ў адкрытых закліках, накіраваных супраць дзяржавы (за выказваньні ў падтрымку незалежнасьці рэгіёну). Абвінавачаньне запрошвала для блогера 6,5 гадоў. Блогер сваёй віны не прызнаваў.
Лапшын — грамадзянін Расеі і Ізраілю, таксама ў яго ёсьць украінскі пашпарт. Ён напісаў некалькі рэзкіх пастоў пра Азэрбайджан. Пасьля іх і паездкі ў Нагорны Карабах, які Азэрбайджан лічыць сваёй тэрыторыяй, акупаванай Армэніяй, Лапшын быў уключаны ў «чорны сьпіс» у гэтай краіне.
Такім асобам уезд у Азэрбайджан забаронены. Але Лапшын ўсё ж здолеў ўехаць у Азэрбайджан праз Грузію па ўкраінскім пашпарце, у якім яго імя «Аляксандр» было напісана як «Олександр», а пазьней пахваліўся гэтым у сваім блогу. Азэрбайджан у адказ абвясьціў блогера ў міжнародны вышук за парушэньне правілаў уезду.
Раней на запыт азэрбайджанскага боку ў сьнежні 2016 году блогера затрымала беларуская міліцыя ў Менску, і ўжо ў лютым яго экстрадавалі ў Баку. Пасьля гэтага прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў асабіста падзякаваў прэыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку за «дэманстрацыю справядлівай пазыцыі і рашучага кроку».
Тэрытарыяльную спрэчку паміж Армэніяй і Азэрбайджанам з нагоды Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная пераважна армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла аб выхадзе з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасні 1991 года абвясьціла аб стварэньні «Нагорна-Карабаскай Рэспублікі». За пэрыяд збройнага канфлікту 1988-94 гадоў у сэпаратысцкім рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек, больш за сотню тысяч сталі ўцекачамі і змушанымі перасяленцамі.
«Нагорна-Карабаская рэспубліка» афіцыйна не прызнаная ніводнай з краін ААН, у тым ліку Армэніяй, якая настойвае, што «НКР» павінна быць незалежнай. У 1993 годзе ААН прыняла 4 рэзалюцыі з патрабаваньнямі вываду армянскіх войскаў з Карабаху і прызнаньнем тэрыторыі часткай Азэрбайджану.