Ініцыятары адкрыцьця памятнага месца называюць яго «жывым мэмарыялам» — усяго было высаджана 298 дрэваў, па колькасьці загінулых у катастрофе. Дрэвы будуць акружаныя сланечнікамі, якія расьцьвітаюць у ліпені.
Кароль Нідэрляндаў Вілем-Аляксандар і каралева Максіма далучацца на гэтым мерапрыемстве да іншых афіцыйных асобаў у парку Війфгуйзэн паблізу аэрапорта Схіпхол у Амстэрдаме. Менавіта з гэтага аэрапорта вылецеў 17 ліпеня 2014 году самалёт «Боінг-777» «малайзійскіх авіялініяў», які так і не даляцеў да пункту прызначэньня, Куала-Лумпура.
У канцы верасьня мінулага году Міжнародная сьледчая група пад кіраўніцтвам пракуратуры Нідэрляндаў абвясьціла першыя афіцыйныя вынікі расьсьледаваньня. У дакладзе гаворыцца, што зэнітна-ракетная ўстаноўка «Бук», зь якой зьбілі «Боінг», была дастаўленая на тэрыторыю Ўкраіны з Расеі. Месца пуску ракеты — пасёлак Першамайскае, які знаходзіўся пад кантролем баевікоў, падкантрольных Расеі. У лік падазраваных, згодна з дакладам, уваходзяць каля 100 чалавек.
У Крамлі заявілі, што даклад нельга лічыць «канчатковай праўдай», а высновы сьледчых у Маскве назвалі «папярэднімі». У МЗС Расеі назвалі даклад «прадузятым».