У Ленінскім судзе Горадні праходзіць працэс па пазове старшыні Гарадзенскай арганізацыі БНФ Вадзіма Саранчукова да Гарадзенскай абласной тэлерадыёкампаніі пра абарону гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. Працэс ідзе на беларускай мове, нягледзячы на хадайніцтва адказчыка весьці яго па-расейку.
У Ленінскім судзе Горадні 6 ліпеня пачаўся суд па пазове старшыні гарадзенскай арганізацыі БНФ Вадзіма Саранчукова да абласной тэлерадыёкампаніі пра абарону гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі.
У чацьвер на працэсе разглядаліся хадайніцтвы бакоў, а пасьля ўдакладняліся доказы, якія будуць прадстаўленыя пазьней. У якасьці грамадзкага прадстаўніка ў працэс быў дапушчаны сябра партыі БНФ Юры Чавусаў.
Адхілена хадайніцтва Саранчукова аб выкліку ў суд у якасьці сьведкі дыктара, які агучваў тэкст у фільме, каб у далейшым высьветліць асобы людзей, якія працавалі над фільмам, а таксама — чаму фільм зьявіўся ў эфіры.
Упершыню за многія гады суд адхіліў хадайніцтва адказчыка, каб працэс вёўся на расейскай мове.
Тэлерадыёкампанія адмовілася пайсьці на міравое пагадненьне, бо не пагадзілася прыняць умовы Саранчукова — выбачыцца перад ім у эфіры за распаўсюджаную непраўдзівую інфармацыю.
Саранчукоў настойваў, што зьвесткі, якія пра яго распаўсюдзіла тэлерадыёкампанія, не адпавядаюць рэчаіснасьці, закранаюць яго гонар і дзелавую рэпутацыю. Ён прывёў доўгую цытату зь відэасюжэту, у якой гаворка вядзецца пра тое, што ён, маўляў, «жыве ва ўтульнай кватэры ў цэнтры гораду, выгодна ажаніўся, на працягу дзесяці гадоў нідзе не працуе, карыстаецца льготамі „ненавіснай“ дзяржавы, а рамесьнікам зарэгістраваўся толькі з прыняцьцем дэкрэту № 3...»
— У фільме гаварылася, што я на працягу дзесяці гадоў нідзе не працую. Але гэта ня так, я ўжо прадставіў суду доказы, што працаваў індывідуальным прадпрымальнікам, а апошнія два гады займаюся рамесьніцкай дзейнасьцю. Яны сьцьвярджаюць, што ў мяне павінна быць майстэрня, і прадставілі для гэтага ў якасьці доказу падручнік 30-гадовай даўніны — маўляў, так патрабуе тэхналёгія. Але мне для працы хапае месца ўсяго 20 см. І я прадэманструю гэта ў судзе. Яшчэ ў фільме наўпрост сьцьвярджаецца, што ніхто ня бачыў маіх вырабаў, але я прадстаўлю здымкі зь вітрынаў крамаў, дзе яны прадаюцца. Дый тут палова прысутных у залі можа выступіць сьведкамі таго, што бачылі мае працы.
Прадстаўнік тэлерадыёкампаніі настойваў, што фільм ня мае аўтара і адказчыкам выступае юрыдычная асоба. Праўда, усё ж прызнаў, што статус рамесьніка ў Саранчукова існуе. І паспрабаваў перавесьці размову ў кірунак мастацкай творчай спрэчкі — маўляў, Саранчукоў лічыць так, а вось журналісты маюць права на мастацкую крытыку. Прадстаўнік тэлерадыёкампаніі хадайнічаў таксама каб да справы далучылі падручнік 30-гадовай даўнасьці па вырабе шкляных рэчаў.
Грамадзкі прадстаўнік у судзе Юры Чавусаў кажа:
— У фільме сьцьвярджаецца, што Саранчукоў — фіктыўны рамесьнік, што ў яго няма майстэрні, ніхто ня бачыў ягоных вырабаў. Але на пытаньне судзьдзі — адкуль такія зьвесткі — адказвае, што ў Горадні ўсе ведаюць рамесьнікаў, а яго, маўляў, не. Відавочна, што ім няма чаго адказваць пра тое, што ў гэтым прапагандысцкім фільме прагучала, і роля прадстаўніка тэлерадыёкампаніі ў судзе зусім незайздросная, бо яму даводзіцца абгрунтоўваць і даказваць тое, аўтарам чаго ён сам не зьяўляецца.
Наступнае судовае паседжаньне прызначана на 14 ліпеня.
17 красавіка Гарадзенскае абласное тэлебачаньне паказала ў эфіры відэасюжэт «Маршам у нікуды». Сюжэт тычыўся акцыяў пратэсту «недармаедаў» у Горадні. Адным зь ягоных «герояў» быў Вадзім Саранчукоў. Паводле яго, распаўсюджаная ў відэасюжэце інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці, а таксама адмоўна паўплывала на ягоную дзелавую рэпутацыю.
Саранчукоў сьцьвярджае, што зьнятыя кадры хутчэй нагадваюць апэратыўныя здымкі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, а ня працу журналістаў. Пра гэта ён напісаў скаргу ў пракуратуру. У судзе ж Саранчукоў хоча абараніць сваю дзелавую рэпутацыю. Ніякай грашовай кампэнсацыі пакуль не выстаўляе, а просіць суд прымусіць тэлерадыёкампанію абвергнуць непраўдзівыя зьвесткі пра яго.