«Мы адстойвалі сваё права „людзьмі звацца“ заўжды». «Мы вельмі ня любім, калі нам навязваюць». «Чаму хтосьці думае, што хтосьці разумее ў правах чалавека лепш, чым беларусы?» — так рэагаваў Валер Варанецкі, старшыня камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, на шматлікія прыклады парушэньня правоў чалавека.
Валер Варанецкі ўдзельнічаў у сэмінары, прысьвечаным Беларусі, які адбываўся падчас правядзеньня 26 сэсіі ПА АБСЭ ў Менску 6 ліпеня. Да ўдзелу былі запрошаныя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці — кіраўнік ПА «Вясна» Алесь Бяляцкі, прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец і іншыя. Палітычныя сілы прадстаўлялі Аляксей Янукевіч ад БНФ, Тацяна Караткевіч ад «Гавары праўду», Ганна Канапацкая ад АГП і Палаты прадстаўнікоў і іншыя.
Менск прадэманстраваў цярпімасьць, — Харасьці
Распачаўшы паседжаньне, Міклаш Харасьці, спэцыяльны дакладчык Рады ААН па правах чалавека, падзякаваў беларускім уладам за «цярпімасьць і дазвол» знаходзіцца ў Беларусі.
«Я гэта цаню. Я не разглядаю гэта ў якасьці палітычнага ці юрыдычнага прагрэсу, але гэта прагрэс з пункту гледжаньня цярпімасьці», — сказаў Харасьці. Раней улады Беларусі заявілі, што не ўзгаднялі візыт Харасьці ў якасьці спэцдакладчыка.
Харасьці сказаў, што ўчора наведаў праваабаронцу Алега Воўчака. Прыкладам Воўчака, які трапіў у шпіталь з гіпэртанічным крызам пасьля таго, як судзьдзя адмовіўся выклікаць яму «хуткую дапамогу», і якому ў той жа дзень прысудзілі 585 рублёў штрафу, Міклаш Харасьці праілюстраваў сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.
Затрыманьні і штрафы супрацоўнікам СМІ, масавыя затрыманьні, палітзьняволеныя, перасьлед за дзеяньні ад імя незарэгістраванай арганізацыі і татальныя адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі, рэпрэсіі ў дачыненьні да палітычнай апазыцыі — падобныя ж прыклады прыводзілі і іншыя выступоўцы.
«Нікога не зьдзіўлю, калі скажу, што на тэрыторыі нашай прасторы перасякаюцца інтарэсы і ЭЗ, і ЗША, і Расеі. Кожны з гэтых цэнтраў сілы хацеў бы перафарматаваць гэтую прастору на сваю карысьць, — тлумачыў пазыцыю беларускіх уладаў дэпутат Валер Варанецкі. — Сёньня сытуацыя, якую мы бачым у сяброўскай Украіне, зьяўляецца паказьнікам таго, якія сурʼёзныя працэсы ў рэгіёне праходзяць... Увесь гэты пэрыяд — 26 год з моманту незалежнасьці... Давайце скажам шчыра: увесь гэты час мы знаходзімся пад сурʼёзным зьнешнім ціскам з розных бакоў. Калі ажыцьцяўляецца зьнешні ціск, дзяржава вымушаная кансалідавацца».
Апазыцыя апэлюе да замежных цэнтраў сілы, — Варанецкі
Варанецкі абвінаваціў прадстаўнікоў апазыцыі ў тым, што «ў любой сытуацыі яна апэлюе не да свайго народу, а да замежных цэнтраў сілы». «Па сутнасьці, яна заклікае зьнешнія сілы да ўзмацненьня ціску на нашу краіну», — лічыць Варанецкі.
«Цяжка ісьці да дыялёгу, калі вы ня ў стане ўспрымаць крытыку», — адрэагавала ў сваім выступе прысутная на сустрэчы старшыня прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Андрэа Віктарын.
Міклаш Харасьці, у сваю чаргу, прапанаваў у якасьці пацьверджаньня гатовасьці беларускіх уладаў да дыялёгу зь міжнароднымі арганізацыямі і беларускай грамадзянскай супольнасьцю запрасіць яго ў Беларусь на «парлямэнцкай аснове».
«Запрасіце мяне. Я не разьлічваю на чырвоную дарожку. Але я гатовы да дыялёгу», — сказаў Харасьці.
«Калі згадаць 2011 год, то былі ўведзеныя санкцыі... Непрымірымае асуджэньне, ціск. Вы зразумейце, хтосьці думае, што Беларусь вельмі маладая дзяржава, але ў нас больш як тысячагадовая гісторыя. Беларусы заўжды былі воінамі... — заявіў Варанецкі, адказваючы на пытаньне, чаму Беларусь не прыслухоўваецца да міжнародных рэкамэндацый у галіне правоў чалавека. — Мы самі ведаем, што нам рабіць. Мы адстойвалі сваё права людзьмі звацца заўжды. Мы вельмі ня любім, калі нам навязваюць... Чаму нехта думае, што нехта разумее ў правах чалавека лепш, чым беларусы?!»
«Перастаньце ціснуць, штурхаць, і вы пабачыце прыклад самай дэмакратычнай дзяржавы ў Эўропе», — заключыў свой выступ Валер Варанецкі.
«Мы ўсе хацелі б, каб Беларусь рухалася наперад, і хацелі б бачыць Беларусь як краіну, якая ажыцьцяўляе і прымяняе міжнародныя прынцыпы. Правы чалавека — гэта не нацыянальнае, а міжнароднае пытаньне... Няма супярэчнасьці паміж абаронай нацыянальных інтарэсаў і прымяненьнем міжнародных юрыдычных стандартаў», — падвёў вынікі сэмінару швэдзкі дэпутат Крысьціян Хольм Барэнфэльд.
26 сэсія ПА АБСЭ адкрылася ў Менску 5 ліпеня і працягнецца да 9 ліпеня. На парадку дня сэсіі барацьба з тэрарызмам, зьмены клімату, міграцыя і ўмацаваньне мэханізмаў праваўжываньня ў галіне правоў чалавека. Адбываюцца дэбаты вакол крызісу ва Ўкраіне, раззбраеньня, зацяжных канфліктаў на Паўднёвым Каўказе, кібэрбясьпекі, сьмяротнага пакараньня, барацьбы з карупцыяй, а таксама правоў уцекачоў. Іншыя тэмы абмеркаваньняў уключаюць у сябе энэргетычную бясьпеку, рэлігійную дыскрымінацыю, распрацоўваньне эфэктыўных захадаў рэагаваньня на новыя псыхаактыўныя рэчывы.
Сэсія завершыцца прыняцьцем Менскай дэклярацыі, якая дапаможа сфармаваць палітыку нацыянальных урадаў, парлямэнтаў і міжнароднай супольнасьці ў галіне палітычных спраў, бясьпекі, эканомікі, навакольнага асяродзьдзя і правоў чалавека.
Удзельнікі сэсіі таксама абяруць старшыню Парлямэнцкай асамблеі і ягоных намесьнікаў.