Ярмошына стала ганаровай грамадзянкай Бабруйску

Лідзія Ярмошына

Старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзіі Ярмошынай рашэньнем прэзыдыюму Бабруйскага гарадзкога савету дэпутатаў і Бабруйскага гарадзкога выканаўчага камітэту прысвоена званьне ганаровага грамадзяніна гораду Бабруйску.

«Адпаведнае званьне прысвоена за шматгадовую плённую дзяржаўную дзейнасьць, актыўны ўдзел у грамадзка-палітычным жыцьці Бабруйску і дзейсную дапамогу органам дзяржаўнага кіраваньня і грамадзкім арганізацыям», — паведамляе сайт Цэнтравыбаркаму.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына нарадзілася ў 1953 годзе ў Слуцку ў сям’і вайскоўца. У першую клясу пайшла ў нямецкім Вэймары, па месцы службы бацькі. Але праз год, у 1961-м, бацькі вярнуліся ў Беларусь і пасяліліся ў Бабруйску. Скончыўшы школу, яна паступіла на юрыдычны факультэт Калінінградзкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, пасьля выпуску амаль 15 гадоў працавала юрыстам у Калінінградзе. У 1988 годзе Ярмошына вярнулася ў Бабруйск. Уладкавалася ў юрыдычны аддзел Бабруйскага райвыканкаму, да 1996 году працавала там. У сьнежні 1996 году была прызначана старшынёй ЦВК замест Віктара Ганчара.