Мужчына агаліўся на рэпэтыцыі параду ў Менску. Яму пагражае тры гады турмы

На адной з рэпэтыцый параду ў Менску здарыўся чарговы інцыдэнт: недалёка ад парку Перамогі невядомы мужчына, калі калёна ваеннай тэхнікі праяжджала па дарозе, падышоў да машын, зьняў зь сябе нагавіцы і агаліў ягадзіцы і геніталіі.

Пра гэта паведамляе інтэрнэт-партал Kyky.org.

Наступныя трыццаць сэкундаў мужчына стаяў на месцы і круціў клубамі.

Літаральна праз сорак сэкундаў невядомага заўважыў супрацоўнік дарожна-патрульнай службы, але, мяркуючы па павольных кроках міліцыянта, не адразу зразумеў, што адбываецца.

Убачыўшы міліцыянта, мужчына хутка нацягнуў нагавіцы. Усе скончыліся тым, што мужчына ўдарыў кулаком супрацоўніка ДПС па твары і ўцёк.

Як паведамляецца на сайце менскай міліцыі, мужчына быў затрыманы, «сваімі дзеяньнямі ён груба парушыў грамадзкі парадак і выказаў відавочную непавагу да грамадзтва».

У дачыненьні да яго заведзеная крымінальная справа паводле часткі 1 артыкулу 339 ( «Хуліганства») Крымінальнага кодэксу Беларусі. Яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да трох гадоў.

У той жа дзень, 24 чэрвеня падчас рэпэтыцыі параду танк на вялікай хуткасьці пайшоў у занос і ўрэзаўся ў слуп на сталічным праспэкце Незалежнасьці. Ніхто не пацярпеў, хоць слуп быў зьнесены, машына атрымала тэхнічныя пашкоджаньні.

Дзяржаўтаінспэкцыя праводзіць праверку інцыдэнту з танкам Т-72Б падчас рэпэтыцыі параду да Дня незалежнасьці ў Менску.