Цэны на базавыя прадукты ў Беларусі вырасьлі за год на чвэрць

Праўладная Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі расказала пра вынікі першага этапу маніторынгу цэнаў на сацыяльна значныя тавары.

Ініцыятыва ФПБ была падтрыманая Аляксандрам Лукашэнкам, маніторынг праводзіцца ў супрацы зь Міністэрствам гандлю, якое атрымлівае яго вынікі.

Аналізаваліся найперш цэны на прадукты харчаваньня, што ўваходзяць у так званы «спажывецкі кошык» — пакупкі першай неабходнасьці, на аснове цэнаў на якія вылічваюць бюджэт пражытковага мінімуму.

Рост цэнаў на гэтыя базавыя прадукты склаў у траўні 2017 году ў параўнаньні з траўнем 2016-га цэлых 24%. Пры гэтым афіцыйная інфляцыя за той жа пэрыяд склала 6,1% (на харчовыя тавары — 8%), сярэдні заробак вырас на 10,7%, а рэальны заробак — на 4,1%. Паведамляецца таксама, што цэны на базавы набор прадуктаў значна розьняцца ў розных рэгіёнах.

ФПБ зьвязвае такі значны рост на базавыя прадукты са значным ростам цэнаў на прадукты, што займаюць ва ўмоўным кошыку найбольшы аб’ём: мяса, рыба і малочныя прадукты.

Ад 1 траўня мінімальны спажывецкі бюджэт і бюджэт пражытковага мінімуму былі падвышаныя на некалькі рублёў, яны будуць дзейнічаць да 31 ліпеня, пасьля чаго будуць пералічаныя.