Звольнены міліцыянт Вусік патлумачыў, чаму быў гатовы на міравую з Шуневічам

Ігар Вусік

28 чэрвеня Цэнтральны суд Менску не задаволіў пазоў падпалкоўніка міліцыі ў запасе Ігара Вусіка да Міністэрства ўнутраных спраў і Крычаўскага РАУС аб аднаўленьні на працы, адмене вымовы, выплаце страчанага заробку і кампэнсацыі маральнай шкоды памерам 10 тысяч рублёў. Пасьля суду Ігар Вусік пракамэнтаваў рашэньне і адказаў на пытаньні журналістаў.

— Вядома, я прадбачыў, што будзе такі вынік разгляду майго пазову. Бо МУС ня трэба, каб выносілі сьмецьце з хаты. Для іх мусяць быць вінаватымі ня тыя, хто зрабіў парушэньні, а тыя, хто пра гэта расказаў. Але па-ранейшаму лічу, што меў на гэта права і дзейнічаў слушна. І я ж быў не адзіны, нас 11 чалавек зьвярталіся да Шуневіча, мы адстойвалі свае правы. Але які канчатковы вынік? Той, што тры супрацоўнікі звольненыя, хоць працавалі сумленна, прыстойна. Таксама і сябе не лічу парушальнікам працоўнай дысцыпліны.

— Чаму падчас разгляду вашага пазову да Міністэрства ўнутраных спраў вы двойчы гатовы былі саступіць і пайсьці на міравое пагадненьне? Пагаджаліся зьняць пазоў у абмен на іншую фармулёўку звальненьня, у тым ліку на звальненьне паводле згоды бакоў?

— Гэта было ад недасьведчанасьці, бо такі суд для мяне ўпершыню. Плюс псыхалягічна цяжкі для мяне момант. Хваляваўся. Шчыра скажу, што выклікалі быццам на папярэдняе паседжаньне, але адразу пачалі разглядаць пазоў. Зразумейце: 21 год адслужыў, а тут выкінулі на вуліцу — за праўду.

— Вы кажаце пра 21 год службы ў міліцыі. І якой вам бачыцца сытуацыя ў міліцыі цяпер? У які бок яна разьвіваецца: у горшы ці лепшы?

— Ведаеце, гэта я камэнтаваць ня буду. Што да мяне, дык я сказаў, што звольнілі за праўду. А калі ў дачыненьні каго іншага зрабілі парушэньні, дык хай яны самі з гэтым разьбіраюцца.

— Вы казалі, што з 11 падпісантаў ліста да міністра Шуневіча ўжо звольнілі трох. А як працуецца астатнім?

— Безумоўна, іх ужо апрацавалі. Некаторыя нават і праз тэлефон гаварыць баяцца. Проста баяцца страціць працу. Ідэалягічная служба працуе добра, палохаюць: глядзіце, акрамя як у міліцыю нікуды вас не возьмуць, будзеце бяз працы. Хоць і гэта няпраўда — я вось знайшоў працу.

— Вы казалі на судзе, што і цяпер на сваёй пасадзе працягвае працаваць той намесьнік начальніка Крычаўскага райаддзелу міліцыі, які браў ад вас грошы з прэмій, каб перадаваць начальніку? Чаму яго не звольнілі?

— Трэба пра гэта спытаць не ў мяне, а ў міністра Шуневіча. Мяркую, так, пакрываюць.

— Ці, можа, вашы словы не пацьвердзіліся?

— Як гэта? Я асабіста тройчы перадаваў яму грошы, іншыя насілі таксама, я гэта бачыў. Як гэта не пацьвердзілася?! Супрацоўнікі зь іншых службаў падчас праверкі пра гэта таксама казалі, але чамусьці ў заключэньні праверкі гэтага няма. Чаму? Калі б такое зрабіў шараговы міліцыянт, дык даўно б яго звольнілі і асудзілі, а тут жа гаворка пра кіраўнікоў РАУС — натуральна, што іх не сталі чапаць.

— А чаму вы ў лісьце Шуневічу, які даслалі ў лютым, пра гэтыя прэміі не паведамілі?

— Давалі ім шанц на выпраўленьне сытуацыі, але нас жа зрабілі крайнімі і, калі прыехала праверка, пра ўсё гэта расказалі. Але бачыце, і гэта не дало выніку.

Начальнік Крычаўскага РАУС Станіслаў Чупрын у судзе адмовіўся камэнтаваць для прэсы словы Ігара Вусіка пра тое, што частка прэмій падначаленых міліцыянтаў нібыта забіралася кіраўніцтвам РАУС. Судзьдзя Аляксандр Длужнеўскі пасьля абвяшчэньня рашэньня суду адмыслова патлумачыў Ігару Вусіку, што прадметам разгляду ў судзе быў ягоны пазоў, а не пытаньне аб меркаваных ім парушэньнях у Крычаўскім РАУС.

У лютым 2017 году Ігар Вусік разам зь яшчэ 10 міліцыянтамі Крычаўскага РАУС зьвярнуўся да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча і крытычына выказаўся пра дзеяньні кіраўніцтва аддзела міліцыі. Пазьней Ігар Вусік даў інтэрвію тэлеканалу «Белсат», за што атрымаў строгую вымову з фармулёўкай аб парушэньні загаду міністра што да кантактаў з журналістамі. У траўні Ігар Вусік быў звольнены зь міліцыі за парушэньне ўмоў працоўнага кантракту, з чым былы міліцыянт ня згодны. Пасьля адхіленьня ягонага пазову ў Цэнтральным судзе Менску Ігар Вусік заявіў, што будзе скардзіцца далей, у Менскі абласны суд.