Прысутны на жалобнай імпрэзе кіраўнік Шумілінскага райаддзелу міліцыі заявіў, што тут адбыўся несанкцыянаваны мітынг. Людзі ж цьвердзілі, што прыйшлі памаліцца за забітых, і ўсе прамовы былі выключна на гэтую тэму.
26 чэрвеня 1941 году каля вёскі Мікалаева пад Вулай службоўцы НКВД расстралялі калёну вязьняў Глыбоцкай турмы «Беразьвечча». Згодна з архіўнымі дакумэнтамі, на пачатку вайны было прынятае рашэньне эвакуаваць усіх вязьняў з заходніх рэгіёнаў углыб СССР. Калёна, якая выйшла з Глыбокага 24 чэрвеня 1941 году, рухалася ў бок Полацку. Двое сутак людзей гналі па сьпёцы бязь ежы і піцьця, пакідаючы на дарозе трупы — тых, хто зьнямогся і адставаў, расстрэльвалі на месцы або заколвалі штыхамі.
Каля Вулы калёна трапіла пад фашыстоўскі авіяналёт, а потым турэмны канвой яе расстраляў. Якраз тады выйшаў загад, каб зьняволеных, якіх вывелі з турмаў, або выкарыстоўваць на абарончых працах, або адразу расстрэльваць. Асабліва «палітычных» — каб не было лішняга клопату.
У Беразьвецкай турме былі жыхары Глыбоччыны, Мёршчыны, Браслаўшчыны, Пастаўшчыны, палонныя жаўнеры Войска Польскага, сьвятары, моладзь, якая ўдзельнічала ў розных арганізацыях — палітычных, грамадзкіх, рэлігійных. Нехта трапіў за краты праз даносы або па падазрэньні ў неляяльнасьці да савецкай улады. Большасьць складалі нават не асуджаныя, а толькі падсьледныя.
Па розных зьвестках, уздоўж дарогі, на ўзьлеску каля вёскі Мікалаева загінулі ад 800 да 2 тысяч чалавек. Хаваць забітых загадалі вяскоўцам.
Адзін толькі начальнік турмы «Беразьвечча» Прыёмышаў, які ўзначальваў канвой, пасьля казаў, што асабіста расстраляў каля 600 чалавек. Сакратар ЦК КП(б) Панцеляймон Панамарэнка, які вывучаў матэрыялы справы аб расстрэле беразьвецкіх вязьняў, прызнаў дзеяньні кіраўніка канвою слушнымі.
У Мікалаеве трагедыю памятаюць і дагэтуль. Да нядаўняга часу былі жывыя сьведкі тых страшных падзей. Пра гэта згадаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які з 2001 па 2003 гады выконваў абавязкі пробашча парафіі ў Бешанковічах і Вуле, часта прыяжджаў і ў Мікалаева. На ўгодкі Беразьвецкай трагедыі ён адслужыў імшу за памерлых і загінулых, на якую сабраліся і мясцовыя вернікі, і грамадзкія актывісты зь Віцебску ды Менску.
Зьвяртаючыся да прысутных, біскуп Алег Буткевіч падкрэсьліў, што ахвяры Беразьвецкай трагедыі сышлі з гэтага сьвету праз чалавечую несправядлівасьць:
«На гэтым жалобным месцы трэба штораз ставіць пытаньне: чаму ў гісторыі адбывалася і цяпер адбываецца такая несправядлівасьць, якая вядзе да загубы людзкога жыцьця. І як адказ на гэтае пытаньне варта сьцьвердзіць, што да несправядлівасьці, да забойства чалавека чалавекам вядзе памылковая ідэалёгія. Памылковае ўяўленьне пра тое, кім ёсьць чалавек, і пра вартасьць чалавечага жыцьця, пра прызначэньне чалавека. А калі далей ісьці за гэтым пытаньнем, то робіцца зразумелым, што часам мы не шукаем праўды, а ідзем за тым, куды клічуць».
Пасьля імшы да прысутных зьвярнуўся Вячаслаў Сіўчык, лідэр руху салідарнасьці «Разам». Ён усклаў кветкі да мэмарыялу, узьведзенага ў Мікалаеве пры дапамозе польскіх грамадзкіх і рэлігійных арганізацый. Гэта сымбалічная камэра з чорнымі кратамі, брукаванка і доўгая бэтонная пліта ўздоўж яе, якая сымбалізуе страшны шлях вязьняў. Тут жа ўсталяваны высокі крыж, каля якога моляцца за забітых.
Сьледам за спадаром Сіўчыкам выступілі намесьніца старшыні Шумілінскага райвыканкаму Ірына Шалахава і стваральнік ініцыятывы «Хайсы — «Віцебскія Курапаты» Ян Дзяржаўцаў. Напрыканцы ўсе прысутныя прасьпявалі гімн «Магутны Божа».
Калі вернікі пачалі разыходзіцца, а госьці — разьяжджацца, з прэтэнзіямі да прысутных нечакана выступіў начальнік Шумілінскага РАУС Аляксандар Дзьмітрэнка. Ён застаўся незадаволены дзеяньнямі тых, хто фатаграфаваў імпрэзу: заявіў, што яны ўдзельнікі несанкцыянаванага мерапрыемства. Маўляў, пасьля імшы тут адбываўся «мітынг з прамовамі».
Паводле гэткай лёгікі, у парушэньні правапарадку трэба вінаваціць і прадстаўніцу райвыканкаму, якая выступала на «недазволеным мітынгу». Але да спадарыні Шалахавай у начальніка мясцовай міліцыі пытаньняў не было. А вось нумары машын, на якіх у Мікалаева прыехалі госьці зь іншых рэгіёнаў, міліцыянт старанна сфатаграфаваў.