Як «Мотавела» усіх абхітрыла

​Апошняя навіна, якую не назавеш зусім нечаканай. Генэральны дырэктар менскага ААТ «Мотавела» Мікалай Ладуцька падпісаў заяву ў эканамічны суд Менску аб прызнаньні заводу банкрутам. Гэта яшчэ не канец трагікамічнай гісторыі гэтага прадпрыемства, але вельмі знамянальны прамежкавы фініш. Шматпакутны лёс «Мотавела» зьяўляецца добрым адлюстраваньнем, дакладным баромэтрам як стану эканомікі ў краіне, так і эканамічнай палітыкі ўладаў.

Працоўны калектыў, гаспадары прадпраыемства, на хвалі эўфарыі ад раптоўнай свабоды ад дзяржавы, праядалі ўвесь прыбытак

У пачатку 1990-х гадоў, паддаўшыся настроям, якія тады панавалі, «Мотавела» было акцыянаванае. Акцыі купілі работнікі заводу. Такім чынам, гаспадаром прадпрыемства стаў працоўны калектыў. Пэўны час у 1990-я гады ў работнікаў «Мотавела» былі амаль самыя высокія заробкі сярод менскіх прадпрыемстваў. Тлумачылася гэта ня толькі добрымі паказьнікамі працы, але і тым, што новыя гаспадары, на хвалі эўфарыі ад раптоўнай свабоды ад дзяржавы, праядалі ўвесь прыбытак, мала ўкладалі ў разьвіцьцё вытворчасьці. Чаго не рабіў бы прыватны гаспадар, які думае пра будучы лёс сваёй уласнасьці.

Закончылася ўсё сумна. Прадпрыемства аказалася стратным, пачало атрымліваць дапамогу зь бюджэту, але ўзамен завод аддаў свае акцыі дзяржаве. То бок «Мотавела было нацыяналізаванае. Для рэжыму Лукашэнкі, які ўзяў курс на адзяржаўленьне эканомікі, гэты прыклад быў паказальным. Афіцыйныя СМІ распавядалі: маўляў, глядзіце, што бывае з прадпрыемствам, якое выходзіць з-пад дзяржавы, вось улады цяпер пакажуць, як трэба кіраваць.

Паказалі. Вынік атрымаўся прыкладна такі, як і на іншых дзяржпрадпрыемствах. «Мотавела» працягвала заставацца неплацежаздольным.

Лукашэнка дамовіўся з інвэстарам «па паняцьцях»

І тады знайшлі замежнага інвэстара, аўстрыйскага бізнэсоўца Аляксандра Мураўёва і прадалі яму завод. Прычым, той набыў прадпрыемства бяз конкурсу, тэндэру, што само па сабе зьяўляецца парушэньнем заканадаўства. Лукашэнка зь ім дамовіўся «па паняцьцях».

Летась «Мотавела» нацыяналізавалі, Александра Мураўёва пасадзілі на 11 гадоў. Лукашэнка не хаваў, што гэта адбылося паводле яго ўказаньня. Абвінавачваньняў было шмат. Адно зь іх палягала ў тым, што бізнэсовец ня выканаў інвэстыцыйную дамову, ня ўклаў у прадпрыемства агавораную суму грошай. Мураўёў даводзіў, што шмат фінансавых рэсурсаў пайшло на выплату старых даўгоў і іншыя затраты, якія не прадугледжваліся дамовай. Дарэчы, бізнэсовец на судзе запэўніваў, што прадпрыемства пры ягоным кіраваньні было рэнтабэльным. Але хто ж яго слухаў? Калі бізнэс грунтуецца не на законах, правілах, а на пэрсанальных дамовах і «паняцьцях», то разабраліся зь ім таксама «па паняцьцях».

Аляксандар Мураўёў у судзе, 2016

Нацыяналізаваны завод узначаліў былы старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька. Зноў зьбіраліся паказаць народу, як патрэбна кіраваць дзяржаўным прадпрыемствам. І вось вынік. «Мотавела» запазычылася крэдыторам удвая больш, чым яно само каштуе. Пытаньне, навошта банкі давалі безнадзейнаму банкруту ўсё новыя крэдыты, было б дарэчы ва ўмовах рынкавай эканомікі. А ў беларускай мадэлі ручнога кіраваньня такой праблемы не існуе. Вынік у Ладуцькі яшчэ горшы, чым у Мураўёва, аднак бізнэсовец сядзіць, а цяперашні дырэктар квітнее і пахне.

«Мотавела» запазычылася крэдыторам удвая больш, чым яно само каштуе

Але перад банкруцтвам улады правярнулі хітрую камбінацыю. Была створаная новая юрыдычная асоба — ТАА «Мотавелазавод», якое, фармальна ўзяло ў арэнду вытворчыя лініі ў «Мотавела» і працягвае выпускаць прадукцыю. То бок, фактычна памянялася шыльда. Старое прадпрыемства «Мотавела» банкруціцца, на яго павесілі ўсе даўгі. А новы субʼект ТАА «Мотавелазавод» пачынае працаваць з чыстага аркуша як новае прадпрыемства, але ўжо без даўгоў.

Дарэчы, «Мотавела» віннае сямі банкам. Але яно банкрут, у яго мала што возьмеш. То бок, страты дзяржпрадпрыемства перакладаюцца на банкі. Ня дзіва, што доля праблемных актываў банкаў пагаршаецца. Такі «трышкін кафтан» па-беларуску.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.