Прэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту лічыць, што забыцца аб парушэньнях у Сочы немагчыма

Прэзыдэнт МАК Томас Бах.

Прэзыдэнт МАК Томас Бах у інтэрвію газэце New York Times заявіў, што, нягледзячы на ​​ўсе прынятыя Расеяй крокі па барацьбе з допінгам, забыцца аб парушэньнях у Сочы немагчыма і правіны мінулага павінныя быць строга пакараныя.

Кіраўнік МАК папярэдзіў, што да Расеі будуць ужытыя санкцыі ў сувязі з абвінавачваньнямі ў сыстэматычным ужываньні забароненых рэчываў на Алімпіядзе-2014, пішуць Naviny.by.

У мінулым Бах адмовіўся ад прынцыпу «калектыўнай адказнасьці», што дазволіла большасьці расейскіх спартоўцаў, за выключэньнем лёгкаатлетаў і штангістаў, прыняць удзел у Гульнях у Рыа-дэ-Жанейра 2016 году.

Раней стала вядома, што санкцыі ў дачыненьні да расейскага спорту за парушэньне антыдопінгавых правілаў на Алімпійскіх гульнях 2014 году ў Сочы могуць быць ужытыя не пазьней кастрычніка.

Расейская лыжніца, трохразовая алімпійская чэмпіёнка Алена Вяльбе заявіла, што кіраўнік МАК Томас Бах не мяняў свайго стаўленьня да расейскіх спартоўцаў. «Я неаднаразова чула на працягу апошніх месяцаў аб тым, што пытаньне паездкі расейскай зборнай на Алімпіяду ў Пхеньхане будзе разглядацца ў верасьні, і тады МАК ужо дасьць адказ, будуць прысутнічаць там нашыя спартоўцы ці не» — сказала Вяльбе ў інтэрвію «Газете.Ru»