Управа Сьледчага камітэту па Менскай вобласьці спыніла папярэдняе расьсьледаваньне справы аб сьмерці ў Жодзінскім СІЗА вязьня Алега Багданава, якое цягнулася больш за паўтара года і падаўжалася з прычыны скаргаў маці вязьня. «У сувязі з адсутнасьцю ў дзеяньні складу злачынства», — сказана ў дакумэнце, які атрымала маці Алега Марына Багданава.
Гэта была пятая спроба жанчыны дамагчыся, каб вінаватых у сьмерці яе сына прыцягнулі да адказнасьці.
Алег Багданаў памёр 29 студзеня 2016 году ў шпіталі Жодзінскага СІЗА, у адзіночцы, куды яго зьмясьцілі за неаднаразовыя парушэньні парадку — што клаўся на ложак, хоць гэта было забаронена. Між тым лекарам і турэмнай адміністрацыі было добра вядома, што вязень хварэў на сэрца, бо перад зьняволеньнем перанёс складаную апэрацыю. У апошнія дні жыцьця Алег Багданаў скардзіўся на пагаршэньне здароўя, але, на думку Марыны Багданавай, турэмныя мэдыкі на гэта не зьвярнулі ўвагі і ня выканалі сваіх абавязкаў па лячэньні яе сына ды кантролі за ягоным станам.
Таксама маці мяркуе, што сыну не была аказаная патрэбная дапамога ў момант, калі яму зусім стала блага. Кантралёр знайшоў Алега Багданава на падлозе камэры ў амаль беспрытомным стане, але, паводле маці нябожчыка, рэанімацыйныя дзеяньні пачаліся позна, да таго ж не хапіла патрэбных у такіх выпадках сродкаў лячэньня і абсталяваньня. У камэнтары для «Вясны» Марына Багданава адзначыла, што па выніках папярэдняга расьсьледаваньня сьледчыя прызналі факты, якія ўскладнілі рэанімацыйныя дзеяньні, але не палічылі, што вязень памёр у выніку неналежнага выкананьня мэдыкамі сваіх службовых абавязкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт лічыць, што мэдпэрсанал Жодзінскай турмы не вінаваты ў сьмерці зьняволенага«Але ці можна было хворага інваліда зьмяшчаць у адзіночную камэру, саджаць хворага ў „стакан“? А сьледчыя пры гэтым нічога супрацьпраўнага не знаходзяць», — кажа Марына Багданава.
Вядома, што за некалькі дзён да сьмерці Алег Багданаў скардзіўся, што яму не аказваюць патрэбную дапамогу і напісаў тэстамэнт. Адміністрацыя Жодзінскага СІЗА, паводле вязьня, меркавала, што ён сымулюе цяжкае захворваньне.
«Бальніцы тут — гэта былыя карцэры, знаходзяцца ў падвале. Камэры 3 на 2,5 мэтра, сядзяць ад 5 да 11 чалавек на тры ложкі. Днём ляжаць на ложку нельга, толькі сядзець. Падлога, сьцены і столь бэтонныя. Лячэньня ніякага няма. Прашу ахоўнікаў выклікаць доктара — яны не выклікаюць».
«За здароўем сачу, але часам робіцца дрэнна, здараюцца нейкія прыступы, я трачу прытомнасьць, а на ложак класьціся не дазваляюць — пішуць рапарты. А ў мяне ўжо чатыры заўвагі за тое, што ляжаў удзень на ложку. Хутка павядуць на карцэр», — напісаў Алег Багданаў у апошнім лісьце сваякам.