Корпус рэактара для другога энэргаблёку Беларускай атамнай станцыі павінны даставіць у Астравец у жніўні гэтага году.
Пра гэта паведаміў гендырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Беларуская АЭС» Міхаіл Філімонаў на форуме «Атамэкспа» ў Маскве.
«Наколькі мне вядома, падрыхтоўка да гэтага ідзе досыць актыўна. Няма сумненьняў, што ў жніўні ён ужо ў нас будзе», — цытуе БелТА Філімонава.
Корпус рэактара на першым энэргаблёку ўжо змантаваны. На сёньняшні дзень асвоена крыху больш за 2,5 млрд даляраў са сродкаў расейскага крэдыту. Па першым энэргаблёку — каля 36% сродкаў, па другім — каля 22%.
Прэзыдэнт групы кампаній ASE Валеры Лімарэнка паведаміў, што асноўнае абсталяваньне на першым энэргаблёку Беларускай АЭС змантавана.
Да канца гэтага году група кампаній АSE плянуе завяршыць працу па асноўных сыстэмах бясьпекі на першым энэргаблёку і пачаць адну з найважнейшых апэрацый пры будаваньні АЭС — праліваньне на адкрыты рэактар.
Адказваючы на пытаньне польскіх журналістаў пра заклік літоўскага боку блякаваць пастаўкі электраэнэргіі зь БелАЭС, Уладзімер Сямашка сказаў:
«У мяне гэта выклікае ўсьмешку па меншай меры. Калі мы рабілі бізнэс-плян атамнай электрастанцыі, то пазначалі, што будуем АЭС ня з мэтай экспарту, а для ўласных патрэб».
Прамысловасьць Беларусі выйшла з рэцэсіі і працягне рост, таму электраэнэргія зь БелАЭС будзе запатрабаваная ўнутры краіны, лічыць віцэ-прэм’ер.
«Мы зацікаўленыя ў супрацоўніцтве, але ня трэба перакручваць і казаць пра тое, што калі ня будзе купляць Літва, Польшча, Эўропа нашу электраэнэргію, то Беларуская АЭС спыніцца. Гэта ня так, БелАЭС на 100% разьлічаная на ўнутранае спажываньне», — сказаў Сямашка.
Парлямэнт Літвы 15 чэрвеня прыняў закон, які сьцьвярджае, што атамная электрастанцыя, якая будуецца ў Астравецкім раёне Беларусі, уяўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літоўскай Рэспублікі, яе навакольнаму асяродзьдзю і грамадзкаму здароўю.
Астравецкую АЭС будуе расейская карпарацыя «Росатом» усяго за 50 кілямэтраў ад Вільні і за 18 кілямэтраў ад Астраўца. Літоўскі ўрад сьцьвярджае, што працы вядуцца без выкананьня патрабаваньняў бясьпекі і экалягічных стандартаў. Менск гэтыя прэтэнзіі адмаўляе.