Гайдукевіч і пэрспэктыва бел-чырвона-белага сьцяга

Севярын Квяткоўскі

«Заява падкантрольнай „апазыцыйнай“ партыі пра тое, што яна будзе прасоўваць прызнаньне сымбалю пратэсту, нівэлюе значэньне БЧБ як сымбалю пратэсту», — пракамэнтаваў грамадзкі актывіст Andrej Strizhak заяву ЛДПБ (Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі): «Прыйшоў час надаць бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу „Пагоня“ статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці і дазволіць іх свабоднае выкарыстаньне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

Публіцыст Андрей Поротников у сваім допісе мяркуе, што ў ЛДПБ штосьці ведаюць пра захады з боку ўлады па вяртаньню нацыянальнай сымболікі ва ўжытак.

Тым больш сёлета ў сьнежні спаўняецца сто гадоў з часу як БЧБ і «Пагоня» былі прызнаныя адзінымі нацыянальнымі сымбалямі на Ўсебеларускім кангрэсе 1917 году. А налета спаўняецца сто гадоў як нацыянальныя сымбалі сталіся дзяржаўнымі для новастворанай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Таму, паводле Андрэя Паротнікава, Сяргей Гайдукевіч вырашыў ачоліць працэс рэінтэграцыі «Пагоні» і БЧБ у актыўнае грамадзкае жыцьцё.

Andrej Strizhak перасьцерагае: «Кантроль над тэлевізіяй дазволіць увесьці ў кантэкст вобраз Гайдукевіча-змагара, якога (паводле задумы ўладаў) мусіць падтрымаць на выбарах новая хваля незадаволеных уладай».

А можа быць наадварот — гэта правакацыя каб выклікаць кіраванае «народнае абурэньне» і «усеагульнае «не!» нацыянальным сымбалям.

А можа гэта проста пробны каменьчык — рукамі ЛДПБ памацаць рэальны стан рэчаў на «ідэалягічным фронце».

Ва ўладаў Беларусі ад 1994 году не было і няма стратэгіі разьвіцьця грамадзтва, у тым ліку няма дзяржаўнай ідэалёгіі. Нельга 23 гады жыць без выразнай ідэі дзяржаўнага будаўніцтва, без мадэляваньня адносна далёкай будучыні, і тут раптам шчаўчком пальцаў зьмяніць людзей.

Таму ня варта асьцерагацца, што прыўладныя структуры раптам забяруць не ўласьцівыя сабе функцыі. ЛДПБ ад свайго заснаваньня ў 1994 годзе «хістаецца разам з курсам партыі» і адпаведна ня зможа раптам прыватызаваць ні нацыянальную ідэю, ні пратэстную аўдыторыю.


Актуальная дагэтуль у Беларусі савецкая ідэалёгія і адпаведна сымболіка даўно не працуе. Старэйшыя людзі ўсё далей ад вобразаў сваёй маладосьці, а для новай генэрацыі савецкае проста незразумелае.

Насамрэч, вельмі добра калі БЧБ-сьцяг з «сымбалю пратэсту» вернецца да сваёй першаснай і асноўнай функцыі — нацыянальнага сымбалю.
Калі рэжым у сваіх уласных тактычных мэтах легалізуе БЧБ, гэта спрацуе на стратэгічны пазытыўны вынік — на дабудову сучаснай беларускай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.

Так можа быць на пачатку гістарычнага працэсу, калі станаўленьне нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і барацьба за грамадзянскія правы часам супадаюць, а часам ідуць паралельна.

А калі грамадзтва сталее, лініі сыходзяцца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.