Расплачваюся ў Горадні на Дамініканскай за марозіва, ззаду літоўка просіць з акцэнтам «Крепкий орешек», я міжволі паварочваюся, яна пунсавее. Гэта такая настойка аднаго абласнога лікёра-гарэлачнага заводу. Рэч папулярная ў мясцовых, і літоўцы яе любяць купляць вельмі. І ня толькі яе, іншыя нашы моцныя напоі. На зёлках асабліва, але ня толькі. Не цанілі самі, аказваецца, нам здавалася, што літоўскія лепшыя.
Чытаю пэсымістычныя паведамленьні, што літоўцы за два месяцы купілі па 1,7 літра толькі гарэлкі. Хаця падвысіліся толькі што акцызы на пітво. Што да піва, толькі за адзін месяц амаль па 20 бутэлек выжлукцілі. На дзьве больш, чым летась! Прадстаўнік кампаніі, што вывучала праблему, упэўнена кажа, што спажыўцы ад свайго не адмаўляюцца, норма ёсьць норма, лепей ашчаджаць на нечым іншым. За мінулы год па 16 літраў алькаголю выпілі літоўцы, у пераліку на кожнага.
І ведаеце, штосьці мне аднак здаецца не зусім пераканаўчым. Мае сымпатыі да суседзяў тут ні пры чым.
Быў нядаўна ў Вільні. З вакна бачная вядомая Гара трох крыжоў. І амаль па-над ёй шлях у неба, узьлятаюць пасажырскія самалёты зь віленскага аэрапорту. Адзін па адным, адзін па адным. І памераў самых вялікіх. Вы ўяўляеце, колькі народу на борце? Вільня-то горад турыстычны, Менску і ня сьнілася. У Вільні, як вядома, ёсьць што паглядзець. Але не сакрэт таксама, што лятаюць туды і проста папіць піва. Выдатнага піва, якое для заходняга эўрапейца каштуе нядорага. Паверце, такіх людзей плойма.
Першым такім, дагэтуль невядомым, піўным горадам стала, зразумела, Прага. Але і да Вільні чарга дайшла.
А зараз зьвернемся да лічбаў народанасельніцтва. У Літве 2 мільёны 826 тысяч жыхароў. Летась у краіне спыняліся амаль 2 мільёны турыстаў. Улічваюцца тыя, хто пераначаваў хаця б адну ноч. Саму Вільню такіх наведала за год 1 мільён 32 тысячы. Тыя, хто туды і назад, як робяць часта беларусы, у гэтай лічбе не прысутнічаюць.
І вось уявіце сабе, што Літву летась магло наведаць агулам столькі народу, колькі ў ёй самой ёсьць. І кожны прыежджы пару куфляў выпіў дакладна. Уяўляеце, як яны гасьціннаму народу маглі папсаваць статыстыку?
Ня ведаю, мабыць гэта павінны ўсьведамляць і самі літоўцы, у тым ліку тыя, хто рыхтаваў справаздачу для Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя. Але ж яны хіба што не сумняваюцца, што землякі самыя дападкія да алькаголю.
Ну, а мне, як выходзіць, хочацца крыху абараніць суседзяў. Але як? Лічбы нібыта ёсьць лічбы. Хаця можна, напрыклад, падлічыць спажываньне алькаголю ў сталіцы і параўнаць з тым, колькі купляецца піва і гарэлкі ў райцэнтрах, дзе турыстам асабліва няма чаго рабіць. Ну, а потым параўнаць.
Альбо яшчэ нагода будзе: зачыняецца на рамонт віленскі аэрапорт. Значыць, трэба параўнаць — колькі выпівалася, калі самалёты цугам ляталі, а колькі стануць спажываць, калі самалётаў часова ня будзе.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.