Суд не прыняў да разгляду пратакол міліцыі, згодна зь якім блогер Філіповіч «падмяняе дзяржаўныя СМІ»

Максім Філіповіч

Суд Савецкага раёну Гомля ня стаў разглядаць адміністрацыйны пратакол, складзены міліцыяй у дачыненьні да блогера Максіма Філіповіча на «фактычную падмену дзяржаўных СМІ».

«Паколькі ніякай позвы не было, я сам зайшоў у канцылярыю суду, каб даведацца, да чаго мне рыхтавацца. У канцылярыі мне й паведамілі, што адміністрацыйны пратакол, складзены ўчастковым Дзьмітрыем Акулічам на падставе артыкула 22.9 КаАП, адпраўлены назад у міліцыю на дапрацоўку», — сказаў блогер Філіповіч.

Рапарт пра «фактычную падмену гомельскім блогерам Максімам Філіповічам дзяржаўных СМІ, у тым ліку і па фармаваньні грамадзкай думкі сярод грамадзян Рэспублікі Беларусь», падаў 25 траўня падпалкоўнік міліцыі Драздоў на імя намесьніка начальніка УУС Гомельскага аблвыканкаму Віталя Котчанкі, які адначасна кіруе і ўпраўленьнем ідэалягічнай працы і кадравага забесьпячэньня. Той дазволіў даць яму ход — рапарт пераслалі ў Савецкі РАУС, дзе ўчастковы Акуліч і склаў на блогера адміністрацыйны пратакол.

У рапарце згадвалася, што падчас маніторынгу інтэрнэту былі выяўленыя публікацыі, разьмешчаныя з 2 па 22 траўня на відэахостынгу YouTube, канал «Гарантий НЕТ». Згаданы рэсурс зарэгістраваны на Максіма Філіповіча. Падлічана, што ў канала 24 320 падпісчыкаў. Агульная колькасьць праглядаў відэакантэнту — 5 300 380. Відэаролікаў на канале 252.

Ёсьць на канале «Гарантий НЕТ» відэаматэрыялы і пра судовыя працэсы над актывістамі і журналістамі-фрылансэрамі Гомельскага рэгіёну, і «аб праведзенай уладальнікам канала працай па супрацьдзеяньні дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства».

Апрача таго, Філіповіч «рэгулярна праводзіць „стрымы“, у якіх дзеліцца сваімі думкамі аб працэсах і падзеях у Рэспубліцы Беларусь».

Прыгаданыя былі назвы 17 відэаролікаў. Найбольш праглядаў (звыш 30 тысяч) сабраў відэаролік «Беларускае тэлебачаньне — геніі пяра».

Адсюль і выснова: «З улікам росту папулярнасьці свайго канала Максім Філіповіч фактычна падмяняе сабою дзяржаўныя СМІ, у тым ліку і ў фармаваньні грамадзкай думкі сярод грамадзян Рэспублікі Беларусь».