Менскі гарадзкі суд прызнаў Улада Казакевіча вінаватым ў забойстве аднаго чалавека і нанясеньні траўмаў яшчэ двум і асудзіў на 15 гадоў зьняволеньня. Рашэньне грунтавалася на дадзеных экспэртызы асобы Казакевіча, якая прызнала, што ў момант злачынства ён цалкам усьведамляў свае дзеяньні, хоць раней лячыўся ад «шызоіднага расстройства».
Адвакат падсуднага Казакевіча Ўладзімер Сташэвіч назаў у судзе гэтую экспэртызу «неабгрунтаванай і ненавуковай» ды пералічыў іншыя прычыны, празь якія дакумэнт нельга прымаць да ўвагі.
Паводле адваката, Уладзіслаў Казакевіч на момант злачынства ня вылечыўся ад псыхічнага захворваньня, наадварот, яно прагрэсавала, што і выявілася ў ягоных дзеяньнях падчас злачынства і потым у судзе. Адвакат папрасіў правесьці паўторную экспэртызу сіламі іншых спэцыялістаў, якіх назваў.
Думкі іншых ўдзельнікаў працэсу наконт хадайніцтва абаронцы не былі аднадушнымі. Пракурор, а таксама маці, дачка і муж загінулай Алены Александронец выказаліся супроць правядзеньня паўторнага абсьледаваньня Казакевіча, а вось пацярпелая Ірына Баешка просьбу адваката падтрымала.
Суд выйшаў, каб прыняць рашэньне адносна хадайніцтва.