Нават некаторыя паважаныя мной людзі часам бяруцца параўноўваць фэмінізм, барацьбу жанчын за роўныя з мужчынамі правы ў соцыюме, з «рознымі іншымі —ізмамі», якія сябе кепска зарэкамэндавалі. Таталітарызм, камунізм... Кажуць, напрыклад: фэміністычная ідэалёгія рыхтык такая самая рэпрэсіўная як, напрыклад, камуністычная.
Хто мне нагадае, колькіх ахвяр фэміністкі згнаілі ў лягерах?
Ну, давайце параўнаем. Хто мне нагадае, колькіх ахвяр фэміністкі згнаілі ў лягерах? Колькіх расстралялі? Можа быць, многіх катавалі? Мусіць, я кепска абазнаная, але пра такія наступствы фэмінізму мне невядома.
Некаторыя яшчэ кажуць, што фэміністкі агрэсіўныя і ненавідзяць мужчын. А як яны выяўляюць гэтыя агрэсію і нянавісьць? Як часта інтэрнэт выбухае навінамі пра жанчын, якія з фэміністычных перакананьняў скалечылі ці забілі мужчыну?
Хмм... Не прыпомню такіх выпадкаў. А вы памятаеце?
А вось патрыярхат і калечыць жанчын, і забівае. Не ідуць у мяне з галавы думкі пра скальп, зьняты мужам з жонкі за волас у супе. Дык які сьветапогляд шчыльна завязаны на агрэсіі і нянавісьці?
Сядзяць такія фэміністкі, даўно здабыўшы ўладу, і прыдумляюць войска
Ці, можа быць, фэміністкі так ненавідзяць мужчын, што адпраўляюць іх служыць у войска, каб у выпадку чаго яны там гінулі? Сядзяць такія фэміністкі пры матрыярхаце, даўно здабыўшы ўладу (так-так, я часта чую, што ў нас даўно ўжо матрыярхат) і прыдумляюць войска, у якім будуць служыць толькі мужчыны − і на вайну іх, на вайну...
Ах, халера, гэта ж ізноў робіць патрыярхат з культам моцнага мужчыны!
Яшчэ вось кажуць: фэміністкі любяць забараняць. Забараняюць свабодна гаварыць, напрыклад. Забараняюць гаварыць і пісаць розныя рэчы, якія жанчыну абясцэньваюць і культывуюць гвалт у дачыненьні да жанчын. Гэта значыць, фэміністкі «забараняюць свабоду слова».
А я так адкажу: ты скажы, скажы, мілы чалавек, альбо дарагая рэдакцыя. Скажы альбо напішы любое злое глупства.
Скажы альбо напішы любое злое глупства. Толькі будзь гатовы і гатовая, што табе могуць адказаць.
Толькі будзь гатовы і гатовая, што табе могуць адказаць. Скажуць, што ты сказаў ці сказала гадасьць. Скажуць, што не паважаюць вас асабіста і чытаць вашу газэту больш не хочуць. Адкажа вам асобны чалавек ці грамадзянская супольнасьць. Гэта і ёсьць свабода слова. Калі вашым словам парушаны закон, то можаце і па законе адказаць, калі той закон працуе, вядома.
Вы ж ня блытаеце свабоду слова і безадказнасьць за свае словы?
Адзіны —ізм, зь якім бы я параўнала фэмінізм — гэта гуманізм. Гуманізм з акцэнтам на тых, каму гэта больш патрэбна ў сёньняшнім сьвеце.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.