Абноўлена: Паводле зьвестак «ОВД-Инфо», у Маскве на Цьвярской і праспэкце Сахарава затрыманыя каля 400 чалавек, паліцыя ўжывае гвалт. У Санкт-Пецярбурзе затрыманыя, паводле выданьняў «Фонтанка» і «Бумага», больш за 300 чалавек.
Маскоўскія ўлады фактычна дазволілі правесьці прыхільнікам апазыцыянэра Аляксея Навальнага акцыю 12 чэрвеня на Цьвярской вуліцы Масквы. Як заявіў радыё «Эхо Москвы» кіраўнік дэпартамэнту рэгіянальнай бясьпекі Ўладзімір Чэрнікаў, паліцыя ня будзе затрымліваць людзей, якія «шпацыруюць» па вуліцы без плякатаў і выкрыкваньня лёзунгаў.
«Калі чалавек прыйдзе з плякатам палітычнага зьместу або будзе выкрыкваць лёзунгі, ён 100% патэнцыйны „кліент“ паліцыянтаў, — удакладніў Чэрнікаў. — Калі грамадзяне спакойна шпацыруюць і праяўляюць пачуцьцё салідарнасьці з бальшынёй людзей, якія прыйдуць адзначаць Дзень Расеі, усё будзе спакойна і добра. Калі яны будуць праяўляць „асаблівыя“ пачуцьці, паліцыя можа іх заўважыць».
На 13:00 паведамляецца аб затрыманьні 40 чалавек, акцыя Навальнага мае пачацца а 14-й. Затрыманы і сам Аляксей Навальны.
На Цьвярской у Маскве, а таксама ў шэрагу гарадоў Расеі плянаваліся ўрачыстасьці на Дзень Расеі — гадавіну прыняцьця дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце РСФСР 12 чэрвеня 1990 году. Ад 1991 году гэты дзень выходны, ад 1992-га — дзяржаўнае сьвята.
Але на той жа час, што ўрачыстасьці, свае акцыі заплянаваў палітык Аляксей Навальны: ягоная акцыя прысьвечаная барацьбе з карупцыяй і патрабаваньням тлумачэньняў фактаў пра прэм’ера Дзьмітрыя Мядзьведзева, выкладзеных у фільме «Ён вам не Дзімон».
Маскоўскія ўлады ўзгаднілі акцыю Навальнага на праспэкце Сахарава (што ў 2 км ад Чырвонай плошчы, Цьвярская ж — у 500 м), ды Навальны заявіў, што ня змог ні з кім дамовіцца пра ўсталяваньне сцэны, таму перанёс акцыю на Цьвярскую. Шэраг антыкарупцыйных акцыяў адбываецца ў іншых гарадах Расеі.
На акцыі пратэсту ў Санкт-Пецярбурзе пачаўся хапун
Фота з Масквы:
***
Your browser doesn’t support HTML5
«Маўклівыя пратэсты» трывалі ў Беларусі ў 2011 годзе: акцыі «Стоп-бэнзін» перарасьлі ў народныя сходы, на якіх удзельнікі не трымалі плякатаў і не выкрыквалі лёзунгаў, бо «і так усе ўсё разумеюць».
Першапачаткова акцыі праходзілі без здарэньняў, але неўзабае міліцыя пачала масавыя затрыманьні людзей на вуліцах, не заўсёды разьбіраючыся, ці браў затрыманы ўдзел у «маўклівым пратэсьце».
Начальнік менскай міліцыі Ігар Яўсееў 3 ліпеня 2011 году (у Дзень Рэспублікі, калі плянавалася чарговая «маўклівая» акцыя) дазволіў пляскаць у далоні толькі «на адрас беларускіх вэтэранаў і вайскоўцаў», за іншыя аплядысмэнты менчукоў у той дзень затрымлівалі.