Бюст расейскаму генэралу Міхаілу Чарняеву — выдаўцу газэты «Русский мир», якая трымалася пазыцыяў манархізму і панславізму — адкрылі ў вёсцы Лыскоўшчына, што ў Круглянскім раёне.
З гісторыяй беларускага краю лёс Чарняева зьвязаны тым, што ён правёў дзяцінства ў тутэйшым маёнтку Тубышкі, які за адданасьць імпэрыі падарыла ягонаму дзеду пасьля падзелу Рэчы Паспалітай расейская царыца Кацярына ІІ. У гэтай вёсцы расейскі генэрал у адстаўцы памёр у 1898 годзе.
У экатурыстычным комплексе «Мікалаеўскія сажалкі», дзе паставілі бюст, Чарняева называюць «дужа вядомай асобай у гісторыі».
«Ён герой Расеі. Забясьпечыў перамогу расейскай арміі ў расейска-турэцкай вайне. Ён яшчэ герой Сэрбіі, таму ў адкрыцьці помніка ўдзельнічаў сэрбскі амбасадар», — сказала супрацоўніца комплексу.
На пытаньне пра ўнёсак генэрала ў гісторыю Беларусі суразмоўніца адказала, што ён вырас на Кругляншчыне і тут пахаваны.
«Мы ж тады адносіліся да Расейскай імпэрыі, і ён быў вядомым расейскім генэралам. Зразумела, у Расеі ён вядомы значна больш, бо зрабіў для Расеі больш, чым для Беларусі, але тым ня меней...»
Паводле супрацоўніцы комплексу, бюст вырабілі ў Беларусі на сродкі Круглянскай ПМК-266, якой належаць «Мікалаеўскія сажалкі».
Чарняеў быў галоўнакамандуючым сэрбскага войска, калі сэрбы паўсталі супраць туркаў. На ўрачыстасьць прыехаў амбасадар Сэрбіі ў Беларусі Велька Кавачавіч. Дыплямат назваў падзею знакавай і дадаў, што яна ўмацоўвае і разьвівае ўзаемадачыненьні паміж беларускім і сэрбскім народамі.
Міхаіл Чарняеў камандаваў расейскім войскам пры захопе зямель Сярэдняй Азіі. Пад ягоным кіраўніцтвам расейцы завалодалі Ташкентам. Два гады пабыў генэрал-губэрнатарам акупаванага Туркестану.