Сябра гарадзенскай арганізацыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ежы Грыгенча падаў заяўку ў гарвыканкам на правядзеньне пікету, мэта якога — адмена дэкрэту № 3.
Паводле Грыгенчы, падставай для гэтага сталі звароты грамадзянаў да партыйных актывістаў. Грамадзяне скардзяцца, што падатковая інспэкцыя не пакідае ў спакоі тых, хто так і ня змог уладкавацца на працу:
«Да нас прыходзяць людзі, тэлефануюць і просяць дапамагчы, бо падатковая не дае спакойна жыць — выклікаюць на размову. А людзі скардзяцца, што працоўных месцаў так ніхто і не стварыў, заробкаў хапае толькі, каб заплаціць за камунальныя паслугі і на самае таннае харчаваньне. Пратэсты нібы сьціхлі, але людзей працягваюць цкаваць — замест таго каб дапамагаць у гэтай складанай сытуацыі. Вось таму мы і хочам патрабаваць, каб дэкрэт № 3 быў адменены цалкам».
Месца для пікету, паводле Грыгенчы, абралі ў Калоскім парку, які і вызначаны гарвыканкамам для масавых мерапрыемстваў. Апроч патрабаваньняў да ўлады, пікетоўцы маюць расказаць гарадзенцам аб праграме сваёй партыі «Мільён працоўных месцаў». На думку Грыгенчы, гэтая праграма — рэальная альтэрнатыва дзяржаўнай палітыцы.
Пікет сябры АГП хочуць правесьці 27 чэрвеня. Паводле Грыгенчы, у гарвыканкаму няма законных падставаў, каб ня даць дазволу на мерапрыемства, бо ўсе патрабаваньні закону пры падачы заяўкі выкананыя.