Прымаючы ў Менску прэм’ер-міністра Малдовы Паўла Філіпа, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка параўнаў два народы. Ён сказаў, што не аднойчы бываў у Малдове, і ў Беларусі рады сустракаць гасьцей з брацкай краіны:
«Гэта цёплы край, і ня толькі таму, што там цёплы клімат, а таму, што там добрыя людзі, чымсьці падобныя да працавітых беларусаў».
Як і на ранейшых сустрэчах з кіраўнікамі Малдовы, Лукашэнка заявіў, што Малдова можа заўжды разьлічваць на Беларусь:
«Беларусь гатовая дзяліцца з Малдовай сваімі напрацоўкамі і досьведам, як і ў ранейшыя савецкія часы. Мы пачыналі разам разьвівацца, стваралі сумесныя прадпрыемствы, ня бачылі ніякіх перашкод. Гэта спрыяла нармальнаму функцыянаваньню, нават выжываньню нашых дзяржаў. Я думаю, нам ні ў якім разе нельга гэтага страціць», — сказаў ён.
У больш канкрэтную плоскасьць пажаданьні Лукашэнкі сёньня пераводзіў кіраўнік ураду Андрэй Кабякоў. На гутарках у вузкім і пашыраным складзе і на адкрыцьці міжнароднай спэцыялізаванай выставы «Белагра-2017» у пасёлку Шчомысліца пад Менскам два прэм’еры абмяркоўвалі, як павысіць таваразварот, максымум якога — 400 мільёнаў даляраў — быў дасягнуты ў 2014 годзе. Кабякоў прапанаваў Малдове дапамогу ў будаўніцтве энэргаэфэктыўных жылых і вытворчых будынкаў, аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, у дарожным будаўніцтве. Асобна беларускі прэм’ер вылучыў праект зборачнай вытворчасьці беларускіх аўтобусаў МАЗ у Кішынёве. Ён папрасіў Паўла Філіпа ўзяць рэалізацыю гэтага праекту на асабісты кантроль.
Скептычна ацэньвае гэтыя пляны беларускага кіраўніцтва эканаміст Леў Марголін:
«Захады Кабякова мне зразумелыя. У нас цяпер ёсьць свабодныя рукі ў будаўніцтве. Беларусь ужо ня можа будаваць гэтак шмат, як раней. І, зразумела, столькі будаўнікоў нам ужо не патрэбна. Таму і зьявілася гэтая ідэя працаўладкаваць іх у Малдове. Аднак сумняваюся, што гэта патрэбна Малдове. Там хапае сваіх будаўнікоў, дый кваліфікацыя іхная ня горшая.
Што тычыцца зьбіраньня аўтобусаў МАЗ, то, я скажу так: супрацоўніцтва з Кітаем нас нечаму навучыла. Гэтую ідэю я назваў бы „супрацай па- кітайску“. У тым сэнсе, што мы вам зьбяром аўтобусы, а далей вы самі думайце, куды іх прыстроіць. Малдова, асабліва без уліку Прыднястроўя, — краіна невялікая. І нашто ёй столькі аўтобусаў?!»