Раніцай 3 чэрвеня Сяргей Кунцэвіч напісаў журналісту Свабоды ў перапісцы «Ўкантакце»:
«Я на волі. Усе заявы пазьней».
На просьбу пракамэнтаваць сваё вызваленьне і ранейшую інфармацыю пра катаваньні электрычнасьцю ў СІЗА на вуліцы Валадарскага, Кунцэвіч адказаў наступнае:
«Ня ўсё адразу. Мне трэба вывучыць абстаноўку. Дзякуй за матэрыялы, якія вы пісалі пра мяне, пакуль быў у няволі».
Сяргей Кунцэвіч — паплечнік Міколы Статкевіча, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі.
Мікола Статкевіч таксама пацьвердзіў Свабодзе, што Кунцэвіч на волі:
«Мы гаварылі ў Інтэрнэце. Гэта было каля гадзіны ночы 3 чэрвеня. Пакуль Сяргей павінен прыйсьці ў сябе, адпачыць. Пазьней будзе больш інфармацыі», — сказаў Статкевіч.
Сяргей Кунцэвіч — адзін з фігурантаў «справы патрыётаў». Яго затрымалі 24 сакавіка. Адразу ён трапіў у «амэрыканку», а 6 красавіка яго перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага.
У некалькіх відэа на БТ журналісты называлі Сяргея Кунцэвіча «кіроўцам Статкевіча». У сюжэце пра затрыманьне перад акцыяй 25 сакавіка паказалі, як зь яго машыны нібыта дастаюць бутэлькі з гаручай сумесьсю, так званым кактэйлем Молатава.
«Кіроўца Статкевіча» Сяргей Кунцэвіч стварае робата-дворніка, каб дапамагчы маме