Як паведамілі Радыё Свабода ў футбольным клюбе «Дынама», у трэнэрскі штаб Аляксандра Хацкевіча таксама ўвайшлі Максім Шацкі, Алег Лужны і трэнэр брамнікаў Міхаіл Міхайлаў.
Аляксандар Хацкевіч нарадзіўся 19 кастрычніка 1973 году ў Менску. Футбольную карʼеру пачынаў у менскім «Дынама», адкуль у 1996 годзе перайшоў у кіеўскае «Дынама», у якім іграў да 2004 году, заваяваўшы ў складзе клюбу шмат трафеяў: сем разоў станавіўся чэмпіёнам Украіны і чатыры разы — уладальнікам Кубка Ўкраіны. Затым нядоўгі час выступаў за кітайскі «Цяньцзінь Тэда» і латвійскую «Вента». Завяршаў карʼеру ў родным менскім «Дынама».
Трэнэрскую карʼеру пачаў у 2007 годзе ў якасьці трэнэра «Дынама» (Менск), потым узначальваў юнацкую зборную Беларусі U-18 і ФК «Віцебск». З 1 лютага 2010 года да красавіка 2011 года працаваў асыстэнтам галоўнага трэнэра нацыянальнай зборнай Украіны. У сьнежні 2010 года ўзначаліў маладзёжную каманду кіеўскага «Дынама», а ўлетку 2013-га — «Дынама-2». 4 сьнежня 2014 года быў прызначаны галоўным трэнэрам нацыянальнай зборнай Беларусі, якую ўзначальваў да 6 сьнежня 2016 году.