Учора пачаўся адборачны цыкл Чэмпіянату сьвету па футболе. Зборная Беларусі прымала ў Барысаве французаў. Беларусы згулялі ўнічыю зь віцэ-чэмпіёнамі Эўропы.
Асаблівая ўвага была да прэзэнтацыі новай формы беларускай зборнай. У жніўні Асацыяцыя «Беларуская фэдэрацыя футболу» прадставіла новыя камплекты, аздобленыя нацыянальным арнамэнтам.
Такая форма даспадобы галоўнаму трэнэру, адказаў Аляксандар Хацкевіч на пытаньне Свабоды:
«Я ўжо казаў, як я стаўлюся. Толькі за», — сказаў Хацкевіч.
Таксама Хацкевіч выказаўся наконт падтрымкі зяўзятараў, якія скандавалі «Жыве Беларусь»:
«Ну вядома, я чуў, — сказаў Хацкевіч. — Я думаю, хлопцы чулі. Падтрымка была вар’яцкай. Ня буду хаваць, вы бачылі канцоўку мінулага адборачнага цыклу. Хочацца падзякаваць заўзятарам. Нам гэтая падтрымка будзе патрэбная цягам усяго адборачнага цыклу».
Як пісала Свабода, на ўчорашнім матчы амаль усе 13 тысяч заўзятараў былі апранутыя ў майкі з новым сымбалем зборнай — «белымі крыламі» — на белым фоне чырвоным колерам намаляваны нацыянальны арнамэнт.
Многія заўзятары былі ў майках з «Пагоняй», а на трыбунах часта зьяўляліся бел-чырвона-белыя сьцягі.