«Девочка, какой у тебя красивый рюкзак! А кто тебе его подарил?» — пытаецца жанчына ў тралейбусе ў маёй двухгадовай дачкі. Мара глядзіць на яе і ня ведае, што адказаць. «Маруська — пытаюся я, — хто табе такі заплечнік падараваў?». «Мама» — з гонарам адказвае дачушка. Жанчына глядзіць на мяне і кажа: «Ваша дочь говорит по-беларуски? А как она будет жить дальше, когда всё вокруг по-русски? «Цудоўна яна будзе жыць. Лепш, чым мы» — адказваю ёй.
Ваша дочь говорит по-беларуски? А как она будет жить дальше, когда всё вокруг по-русски?
Каб гадаваць дзетак, трэба нямала намаганьняў, а калі выхоўваць іх па-беларуску, высілкі павялічваюцца. Але гэтага ня варта баяцца, бо шырокай брамай, як кажуць — толькі ў пекла.
Беларускамоўныя бацькі, вядома ж, маюць розныя погляды на моўнае выхаваньне дзетак. Нехта гадуе білінгваў, размаўляючы па-руску і па-беларуску; нехта размаўляе па-беларуску ў сям’і, але наведвае найбліжэйшы рускамоўны садок; а нехта водзіць выключна на беларускамоўныя імпрэзы, аддае ў белмоўныя групкі дзіцячых садкоў на іншым баку гораду, скупляе усе магчымыя кнігі на гады наперад.
Цудоўна, калі рускамоўныя бацькі патроху далучаюць дзяцей да беларускай мовы: казкі, мультфільмы, беларускамоўныя знаёмыя. Але прыкра, калі беларускамоўныя бацькі аддаюць дзіця ў рускамоўны садок альбо школу толькі таму, што яны блізка, таму што так зручней. Менавіта ім і хочацца сказаць: Абараніце дзіця ад рускай мовы!
Рускую мову яны вывучаць у крамах, паліклініках, пясочніцах і, урэшце, ад нашых сяброў ці сваякоў.
Я рэальна гляджу на сьвет і ведаю, што мае дзеці будуць валодаць рускай мовай. І добра. Хай валодаюць гэтаксама ангельскай, нямецкай ці любой, якая ім будзе даспадобы. Рускую мову яны вывучаць у крамах, паліклініках, пясочніцах і, урэшце, ад нашых сяброў ці сваякоў. І гэта нармальна. Але крыўдна, калі самі бацькі паскараюць гэты працэс праз рускамоўны тэлевізар, а потым разводзяць рукамі — маўляў, «не атрымалася».
Мае дзеці не глядзяць рускамоўных мульцікаў. Глядзяць па-беларуску, па-ўкраінску, па-ангельску. Яны маюць рускамоўных сяброў, але ў іх атачэньні пераважаюць беларускамоўныя дзеткі альбо дарослыя. Я заўсёды прашу сваіх рускамоўных сяброў альбо сваякоў імкнуцца размаўляць зь імі па-беларуску. Імкнуцца — гэта ключавое слова. І я вельмі ўдзячная за такія спробы. Яны вельмі каштоўныя.
Па-беларуску яно будзе размаўляць толькі ў тым выпадку, калі палюбіць беларускую мову так, як некалі яе палюбілі мы.
Ці дасьць гэта нейкія гарантыі, што дзіця будзе размаўляць па-беларуску? Ніякіх. Па-беларуску яно будзе размаўляць толькі ў тым выпадку, калі палюбіць беларускую мову так, як некалі яе палюбілі мы. Тады, калі дзеці самі зробяць сьвядомы выбар працягваць так размаўляць, насуперак многім, асэнсоўваючы гэты крок. На жаль, размаўляць па-беларуску, яшчэ доўгі час застанецца сьвядомым выбарам, а не звычайнай моўнай практыкай. Гэта я яскрава бачу па дзецях сваіх сяброў, якія ўжо вырасьлі і прынялі тое ці іншае рашэньне.
Чаму я адгароджваю дзіця ад рускай мовы ў маленстве? Таму што беларуская мова не вытрымлівае канкурэнцыі па ўсім гэтым фонавым шуме: руская паўсюль. Я не магу ізаляваць малое, але я магу закласьці лепшы падмурак і падрыхтаваць дзетак да той сытуацыі, што ў краіне з моваю нешта ня так. Што на жаль, яна ў пераважнай меншасьці, а яе носьбіты — людзі, якія ўжо самой мовай нясуць сьвятло для Беларусі. Я б хацела, каб яны набылі ўпэўненасьць і маглі разумець сваю магчымасьць зьмяняць краіну, проста гаворачы па-беларуску.
Я б хацела, каб яны разумелі сваю магчымасьць зьмяняць краіну, проста гаворачы па-беларуску.
Шаноўныя беларускамоўныя бацькі, беражыце сваіх дзетак! Не саромейцеся прасіць размаўляць зь імі па-беларуску ў паліклініках і басэйнах. Ня бойцеся шукаць новыя беларускамоўныя асяродкі. Патрабаваць беларускамоўных групаў, клясаў альбо заняткаў па акрабатыцы. Аб’ядноўвайцеся і разам стварайце сьвет для сваіх дзяцей!
Тыя, хто ў рускамоўных сем’ях пачынаюць «уводзіць» беларускую мову — ня бойцеся «перадозу». Хоць пісьменьнік Віктар Марціновіч у сваёй антыўтопіі і малюе лёс мовы як наркотыка, хай бы яна проста засталася хлебам ды сольлю. Каб усе насыціліся.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.