На другі дзень знаходжаньня ў ІЧУ сустрэцца з арыштаваным паспрабаваў ягоны абаронца, родны брат Андрэй Левінаў. Ён расказаў Свабодзе, што бачыў Паўла ўсяго каля хвіліны, а потым сустрэчу перарвалі:
«З самага ранку я пайшоў у ІЧУ з заявай пра сустрэчу. Яе зарэгістравалі, у спэцыяльны пакой прывялі Паўла. Але праз хвіліну прыбеглі ахоўнікі, сказалі, што Паўла тэрмінова выклікаюць, нібыта каб падпісаць нейкія паперы. Мне загадалі чакаць — паабяцалі, што патэлефануюць, калі вырашыцца пытаньне аб працягу сустрэчы. Патэлефанавалі толькі празь некалькі гадзін. Сказалі, што я ня маю права быць прадстаўніком Паўла Левінава, пакуль у мяне няма даверанасьці, заверанай натарыюсам. Менавіта натарыюсам, хоць заверыць такі дакумэнт мог бы і начальнік ІЧУ».
Андрэй Левінаў падкрэсьлівае, што раней яго бесьперашкодна дапускалі ў якасьці абаронцы брата: паводле хадайніцтва Паўла Левінава, Андрэй прысутнічаў падчас складаньня адміністрацыйнага пратаколу аб затрыманьні 26-га сакавіка. І нават быў выкліканы ў суд у якасьці абаронцы, калі Паўла Левінава асудзілі да арышту. Прычым было дастаткова ўсяго толькі хадайніцтва: пра даверанасьць нават не вялося гаворкі. Хоць Андрэй і мае даверанасьць, завераную начальнікам домакіраўніцтва, як прадугледжана заканадаўствам.
На думку Андрэя Левінава, мае месца відавочнае парушэньне права арыштаванага мець абаронцу і карыстацца ягонай дапамогай. Ён накіраваў скаргу начальніку ўпраўленьня МУС Віцебскага аблвыканкаму на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў турмы.
Ідучы адбываць арышт, праваабаронца Павал Левінаў асабліва падкрэсьліў, што будзе праводзіць у ізалятары маніторынг умоваў утрыманьня і сачыць, каб правы арыштаваных не парушыліся.