У мінулую пятніцу, калі праваабаронцу прывезьлі ў шпіталь на хуткай дапамозе, ягоны ціск быў 160 на 100.
Усяго тры дні таму гэта было падставай для шпіталізацыі, кажа Павал Левінаў:
«Увечары 5 траўня мяне затрымалі, каб пад вартай адвезьці ў ізалятар часовага ўтрыманьня, адбываць 15-суткавы арышт. Некалькі гадзін прайшло, пакуль афармлялі дакумэнты ў Сеньненскім раёне, дзе я быў па справах, да таго часу, пакуль мясцовыя міліцыянты перадалі мяне віцебскім.
У мяне падняўся ціск, і каля поўначы супрацоўнікі ізалятару адмовіліся мяне прымаць, бо я кепска сябе адчуваў. Выклікалі хуткую дапамогу, завезьлі ў кардыялягічнае аддзяленьне шпіталю. Тады зь ціскам 160 на 100 было прызнана, што мой стан вымагае мэдычнай дапамогі. А сёньня лекары сказалі мне, што 160 на 95 — гэта нармальны ціск і што паказаньняў для лекаваньня ва ўмовах шпіталю няма».
Праваабаронца не выключае, што кіраўніцтва мэдычнай установы атрымала адпаведны загад, каб яго выпісаць. Бо, паводле яго, віцебская міліцыя прыкладае надзвычайныя намаганьні, каб Левінаў адправіўся «на суткі». Ён кажа, што не зьбіраецца пазьбягаць адбываньня арышту, але ў яго ёсьць дзьве акалічнасьці: неабходнасьць даглядаць за 80-гадовай маці і накіраваньне ў абласны шпіталь, дзе яму неабходна зьявіцца 10 красавіка. На 11-га заплянаванае хірургічнае ўмяшаньне, і да таго часу клопат пра маці зможа пераняць ягоны брат.
Адміністрацыйным арыштам працягласьцю 15 сутак судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Іна Грабоўская пакарала праваабаронцу нібыта за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях 25 і 26 сакавіка.
Павал Левінаў спрабаваў давесьці, што ён ажыцьцяўляе маніторынг па накіраваньні Беларускага Хэльсынскага камітэту як праваабаронца. Аднак гэтыя аргумэнты прынятыя не былі: суд пастанавіў пакараць Паўла Левінава арыштам, гэтаксама як і праваабаронцаў, журналістаў Леаніда Сьвеціка і Канстанціна Мардзьвінцава.
Абскардзіць рашэньне райсуду не ўдалося, адно што абласны суд скараціў праваабаронцу тэрмін знаходжаньня пад арыштам на 10 гадзін. У адбыўку арышту быў улічаны час пасьля затрыманьня ў 13:10 да 23:20, пакуль Левінава не забрала з ІЧУ хуткая дапамога.