На мінулым тыдні пахавалі былога вязьня-пажыцьцёвіка Аляксандра Буд-Гусаіма з Салігорску. Яму ішоў 59-ы год. У Беларусі ён быў на волі адзіным сьведкам таго, што ўяўляе сабой такая выключная мера пакараньня, як пажыцьцёвае зьняволеньне (ПЗ). Два месяцы таму ён даў Свабодзе сваё апошняе інтэрвію.
На волі Аляксандар Буд-Гусаім не пражыў і трох гадоў. Аднак дэ-юрэ ён заставаўся асуджаным нават на свабодзе. У 2010 Вярхоўны Суд толькі замяніў ПЗ (за забойства, якое не ўчыняў) на абмежаваны тэрмін пакараньня: дваццаць гадоў няволі, а з улікам розных амністый — сямнаццаць. Восеньню 2014-га адбылася замена на яшчэ больш мяккі рэжым — «хатнюю хімію». Вярнуўшыся дадому, у сям’ю, Буд-Гусаім, як і любы іншы «хімік», мусіў рэгулярна зьяўляцца ў міліцыю для рэгістрацыі ці проста на прафіляктычныя размовы, ня мог без папярэдняй згоды зь міліцыянтамі пакідаць месца рэгістрацыі.
Зь вечару да раніцы, нават сярод ночы, да яго маглі прыйсьці праваахоўнікі, каб праверыць, ці дома ён. Таксама ягоны працадаўца ў адказ на звароты сілавікоў мусіў накіроўваць зьвесткі аб паводзінах. Сталы міліцэйскі нагляд праяўляўся ня толькі ў гэтым... Калі пасьля вяртаньня дадому Аляксандар Буд-Гусаім даў інтэрвію Свабодзе, яго папярэдзілі: ня хочаш непрыемнасьцяў — маўчы. Для міліцыі (і ня толькі для яе) ён усё роўна заставаўся асуджаным за забойства (арт.139, ч. 2. ) Забойцам ён, як нерэабілітаваны, юрыдычна застаецца і цяпер.
Your browser doesn’t support HTML5
Афіцыйна судзімасьць была зьнятая напярэдадні Новага году. Праўда, паводле Аляксандра Сьцяпанавіча, яму зноў на восем наступных гадоў прызначылі міліцэйскі кантроль, але больш мяккі за папярэдні. Нейкіх абмежаваньняў ужо не было, не папярэджвалі таксама і наконт размоваў са СМІ. Сваё другое і апошняе інтэрвію «Свабодзе» ён даў два месяцы таму, па тэлефоне. Тэхнічна запіс атрымаўся кепскім, і ў эфіры былі выкарыстаныя толькі невялікія яго фрагмэнты. Дамовіліся пагутарыць пры сустрэчы. У ягонай вёсцы на Старобіншчыне, у бацькоўскай хаце, якую ён пасьля запусьценьня рамантаваў. Дамаўляліся на канец траўня. У канцы траўня Аляксандра Буд-Гусаіма ня стала. Цалкам публікуем апошняе інтэрвію былога вязьня-пажыцьцёвіка.
На пажыцьцёвым ня толькі нелюдзі
— Абсалютная большасьць пажыцьцёвікаў тыя, хто жорстка, цынічна забіў не аднаго, а больш людзей... Як вы адчувалі сябе сярод такога атачэньня? Вам даводзілася ламаць сябе, каб неяк адаптавацца да гэтай публікі, ці, наадварот, вы, наколькі было магчыма, спрабавалі дыстанцыявацца ад іх? Наколькі часта да вас у тых умовах прыходзілі адчай ды шкадаваньне самога сябе?
— Часта было брыдка ды балюча на душы. Сядзіш ты невінаваты, а тут побач асобы з трыма-чатырма трупамі. Але шкадаваньне самога сябе ды адчай нічога добрага ў тых умовах не прыносяць. Калі ж казаць пра публіку, то яна там самая розная. У Жодзіне склад сядзельцаў у камэры пастаянна мяняўся, бо, калі людзі працяглы час сядзяць у адным памяшканьні па двое-трое, канфлікты непазьбежныя, нават праз самую малую дробязь. У выніку камэрных ператасовак мне давялося дзяліць сутарэньне ледзь не з усімі мясцовымі насельнікамі. Большасьць траплялі на ПЗ за забойствы на бытавой глебе, празь неразуменьне, у крайне нецьвярозым стане. Тое, што прывяло іх да гэтага, мае шмат прычынаў... Але ва ўмовах сумеснай адседкі такія людзі нярэдка праяўлялі сябе як годныя асобы. Магу сказаць, што іх большасьць. Сустракаліся ж, вядома і сапраўдныя вырадкі — розныя сэрыйнікі, садысты, гвалтаўнікі, пэдафілы. Іх мала, яны не карыстаюцца павагай і на ПЗ, а таму за роўных іх не прызнаюць. Сам я нікому не судзьдзя, аднак па шчырасьці (гэта кажу ўпершыню), такіх за людзей не лічу.
Напрыклад, кім можна лічыць хлопца, які ў 23 гады забівае маці? Ну як так можа быць?!. Ці вырадка, за якім адзінаццаць трупаў і якога выратавала, што ён пасьля апошняга забойства ўцёк у Расею? А Расея выдавала яго з той умовай, што Беларусь не асудзіць яго на сьмяротнае пакараньне. Адзінаццаць сьмерцяў. Зрабіў сабе абрэз і вось проста так хадзіў па вуліцы і страляў людзей. Гэты «чысьцільшчык» казаў: «Я забіваў менавіта тых, хто перашкаджаў усім нам, хто ня мусіў жыць у нашым горадзе».
Я да канца ня ведаю, як трэба паступаць з такімі нелюдзямі.
— І як вы суіснавалі з такімі? Вы не задумваліся: а раптам і нехта зь іх атрымаў такі ж, як і вы, несправядлівы прысуд?
— Ва ўмовах ПЗ ты хутчэй, чым у іншай турме ці калёніі, вучысься «чытаць» людзей, пачынаеш разумець, як сябе далей паводзіць з тым ці іншым асуджаным... Калі ў камэру прыходзіў навічок, я заўсёды прасіў, каб ён паказаў свой вырак. У тых умовах гэта вельмі натуральная просьба — трэба ведаць свайго суседа і арыентавацца, як у пэўных выпадках трэба сябе зь ім паводзіць. У справе мяне таксама цікавілі вынікі розных экспэртызаў — балістычнай, дактыляскапічнай ды іншых.
Такі выпадак. Спрабавалі нам неяк падсяліць аднаго рэцыдывіста. Пра тое, што ён забіў жанчыну ды яе дачку з дваімі малымі дзецьмі, кантралёры не сказалі. А я адразу спытаўся ў навічка, ці ёсьць за ім трупы. У адказ той пачаў цямніць. Нас у камэры было трое, і мы ўсе зразумелі, што тут нешта ня тое. Папрасілі паказаць вырак — звычайна яго мае пры сабе кожны. Наш новы сусед сказаў, што паперы ў опэрчастцы. Мы патрабавалі, каб ён забраў іх, бо нам неабходна ведаць таго, з кім давядзецца жыць. У выніку апэратыўнікі хуценька забралі яго з нашай камэры. Пасьля ў Жодзіне зрабілі камэру асобна для сэрыйнікаў. Пару гадоў я яго ня бачыў. А потым зноў давялося перасячыся. Ведаю, што адзін хлопец яму нават вуха разануў, за што атрымаў трое сутак.
А было і такое. Сядзеў з намі адзін хлопец Саша Машэй. Ён быў раней судзімы, а тут яшчэ яго абвінавацілі ў забойстве адной дзяўчыны і далі ПЗ. Справа была такая. Сядзелі ўтраіх, выпівалі. Саша разьліваў гарэлку, на бутэльцы ў выніку засталіся адбіткі пальцаў. Калі ўсё выпілі, Сашу паслалі ў краму. Вяртаецца, а там труп. Зразумела, па тых адбітках — іншых доказаў не было — і павесілі на яго забойства. Машэй куды толькі не зьвяртаўся, даказваў, што не забіваў. Аднак нікога ягоныя довады не хвалявалі. Адседзеў Саша гады тры, і аднойчы ўвечары ў камэру завялі аднаго рэцыдывіста, якога пакаралі за цяжкае забойства. Саша ўбачыў яго і шэпча мне: «Гэта ён. Той самы, што забіў дзяўчыну». Той, каго хацелі засяліць да нас, быў вымушаны пайсьці ў опэрчастку і падпісаць яўку з павіннай, што сапраўды гэта ён забіў. А Саша, колькі ён потым не апэляваў у розныя інстанцыі, ніякіх зрухаў не адчуў. Ён і дагэтуль сядзіць на ПЗ. Ніхто яго не апраўдвае. Ніхто ня хоча ў гэта ўнікаць ды гэтым займацца.
Жыцьцё на пажыцьцёвым
— Ці трымаюцца за жыцьцё пажыцьцёвікі? Ці можа хацецца жыць у такіх абставінах?
— Ёсьць такія пажыцьцёвікі, якія ня могуць прызвычаіцца да сваёй долі, а таму доўга не жывуць. Паміраюць сваёй сьмерцю. Некаторыя вешаюцца. Даводзілася самому вымаць зь петляў. Размаўляў з тымі, каму расстрэл замянілі на ПЗ... Яны так казалі: «Лепш бы мяне расстралялі, чым вось так хварэць, есьці гнілую кільку, увесь час адчуваць сябе нейкай жывёлай». Аднак ня думаю, што гэта было да канца шчыра. У кожнага з тых, хто на ПЗ, ўсё ж тлее маленькая надзея, што аднойчы, хай ня хутка, але ён усё ж глытне сьвежага паветра ды ўбачыць нармальнае неба над галавой, а не яго кавалак над дротам у так званым турэмным дворыку. Ад турэмнікаў даводзілася чуць, і гэта абнадзейвала: «Вось вы будзеце сябе добра паводзіць, вас гадоў праз дзесяць перавядуць у Глыбокае, а потым яшчэ праз дзесяць — у звычайную калёнію, потым на пасяленьне...» Гэта трымала, таксама як і ліставаньне, нават з зусім незнаёмымі людзьмі, ды адзінае на год кароткае спатканьне. Гэта калі ў цябе яшчэ жывая маці ды ня кінула жонка. Але да абсалютнай большасьці пажыцьцёвікаў ніхто ня езьдзіў.
Шмат было абсалютна самотных людзей, усё жыцьцё якіх прайшло ў турмах ды лягерах. Напрыклад, рэцыдывіст зь мянушкай Газэта (ён любіў у газэты папісваць). Упершыню яго пасадзілі пры Брэжневе. Прайшоў многія калёніі ў СССР, той жа «Белы лебедзь» у Салікамску. Пазьней, ужо ў незалежнай Беларусі, яго на пажыцьцёвае пасадзілі. Было яму за 60, калі я яго ў Жодзіне сустрэў. Казаў мне: «Ведаеш, Сьцяпанавіч, бачыў усё. У якія толькі карцэры мяне ня кідалі... Але ж тады я быў малады. Адрэналіну да чорту было. А цяпер абрыдла ўсё. Цяжка. Хутчэй бы памерці». Быў таксама адзін, нават старэйшы за Газэту рэцыдывіст, таксама казаў, што стаміўся і хутчэй бы памерці. А як прыйшоў час паміраць, сказаў: «Вось яшчэ б пажыць». Як я лічу, дык кожны ўсё роўна чапляецца за жыцьцё.
— Кажуць, што цяпер на тым жа ПЗ стала лепш, чым на самым пачатку...
— Ня ведаю. Ну, можа, які рамонт лепшы пачалі рабіць, ежу менш гнілую пачалі даваць...Тое, што ахоўнікі больш ня б’юць вязьняў — ня ўпэўнены. Ці можа пры існай сыстэме так хутка зьмяніцца сутнасьць турэмнага пакараньня, тыя ж турэмнікі? Той жа выхад з камэры, праход, нават прабежка па калідоры выключна ў позе ластаўкі, калі чалавек сагнуты, з задранымі дагары рукамі — гэта ўсё застаецца, хоць і не прапісана ніякім заканадаўствам. Кажуць, гэта было ўзята за ўзор у расейскай калёніі «Белы лебедзь». Туды, калі стваралі ПЗ у Жодзіне, нашы ахоўнікі езьдзілі па досьвед. Прыгадваю некаторых кантралёраў, іх задавальненьне на твары ад «ластавак», увогуле ад таго, як удалося выдрэсіраваць зэкаў. Сярод кантралёраў на ПЗ былі пэрсанажы неадукаваныя, непісьменныя... Напрыклад, адзін увогуле меў клясаў восем. Нейкі ідыёт ды садыст. Але колькі асалоды ад адчуваньня ўлады недзе над сотняй асуджаных... Калі мы станавіліся ў позе ластаўкі, ён махаў над намі дубінкай, як Чапаеў шашкай. Балюча лупцаваў па сьпіне і ніжэй. У яго, як і ў іншых яму падобных, было адчуваньне поўнай беспакаранасьці. Спэцыфіка працы ў гэтай сыстэме зрывае ім дах. А хіба дома такія людзі могуць быць іншымі? Пры мне нават на нейкага з начальнікаў прыходзілі лісты — прыміце захады, бо зьбівае сваю жонку, дзяцей.
Жодзіна і Глыбокае
— Вы сказалі, адміністрацыя абяцае, што пры добрых паводзінах празь дзесяць гадоў з Жодзіна могуць перавесьці на палепшаныя ўмовы ў Глыбокае. Там, у Глыбокім, сапраўды лепшыя ўмовы?
— У Глыбокім для пэзэшнікаў было лепш толькі на самым пачатку. Недзе ад 1997-га да 2001-га. Тады жодзінскі ЛПП яшчэ ня быў перабудаваны пад аддзяленьне для пажыцьцёвых і ўсіх прымала глыбоцкая ПК-13 асаблівага рэжыму. Я знаходзіўся там недзе гады два, ад 1999-га па 2001-ы. Не было тады зьверстваў з боку міліцыянтаў, як потым у Жодзіне, дзе нас білі «сьмяротным боем». Хаця, калі быць дакладным, усе пачалося ў 2001-м, яшчэ ў Глыбокім. Падчас этапу ў Жодзіна. Мы сядзелі ў камэры і глядзелі тэлевізар, і раптам да нас у сутарэньне ўварваліся людзі ў масках і пачалі нас жорстка зьбіваць. Потым гэтаксама жорстка, да гематомаў ды пераломаў, зьбілі ўсіх па прыезьдзе. То бок нам паказалі, што ёсьць сапраўдны пажыцьцёвы рэжым. Празь дзесяць гадоў, калі я зноў трапіў у ПК-13 празь зьмену рэжыму, паводзіны тамтэйшых ахоўнікаў былі такія ж, як і ў жодзінскіх. Ніякага разуменьня таго, што да іх прыбылі тыя, хто выправіўся і каму зьмянілі рэжым на больш «мяккі». Гэтыя вязьні працягвалі заставацца для міліцыянтаў «быдлам з ПЗ».
— А калі казаць пра нейкія бытавыя ўмовы ўтрыманьня?
— Пачнем з таго, што калёнія ў Глыбокім — гэта кляштар, які бальшавікі перабудавалі пад турму. Найгоршае, што можа быць для адседкі, тым больш працяглай. Сядзець у тых кельлях жахліва. Гэта тоўстыя сьцены, вільгаць, адсутнасьць усялякага паветра. Пры мне камэры былі перапоўненыя ў некалькі разоў — дваццаць і болей чалавек у невялікім памяшканьні. Тут прыбіральня, тут сушаць бялізну, тут кураць... Дыхаць вельмі і вельмі цяжка. Што да харчаваньня, то яно ўвогуле не для чалавечых страўнікаў. Бадай кожны зэк меў страўнікава-кішачныя праблемы. Хварэлі на ўсе вядомыя хваробы. Шмат было сухотнікаў, шмат тых, хто ішоў на суіцыд. Каго дастаўлялі на «бальнічку», таму шанцавала. Бо вярнуцца жывым з Глыбокага, скажам, пасьля дзесяці гадоў адседкі, вельмі праблематычна. Людзі станавіліся агрэсіўнымі, азлобленымі на ўсіх і ўсё. Незалежна ад ступені свайго злачынства яны былі абсалютна дэзадаптаваныя да ўмоваў вольнага грамадзтва.
Жыцьцё пасьля пажыцьцёвага
— Калі гіпатэтычна ўявіць сабе, што, згодна з заканадаўствам, чалавек, адседзеўшы дзесяць гадоў на ПЗ у Жодзіне, пры добрых паводзінах пераводзіцца ў Глыбокае, столькі ж гадоў сядзіць там, потым па зьмене рэжыму адбудзе астатнія некалькі гадоў у нейкай калёніі. Нарэшце гэты чалавек атрымлівае свабоду. Наколькі падрыхтаваны ён да абсалютна іншага жыцьця?
— Возьмем тых, хто праз дурасьць апынуўся на ПЗ гадоў у 18-20. Такіх там шмат. Тэарэтычна маладым лягчэй адаптавацца да новых умоваў. Сваёй сьвядомасьцю гэта дзеці. Ім абы ў нейкі марскі бой гуляць. Такім ж дзецьмі яны і застануцца гадоў праз 25. Ім будзе пад 45, а нічога іншага ў іхнай галаве ды падкорцы, акрамя зоны, сядзець ня будзе. Ня будуць яны гатовыя для таго, каб жыць на волі. За кратамі не рыхтуюць да свабоды. Сацыяльныя сувязі ў людзей страчаныя. Ужо празь дзесяць гадоў адседкі ў такіх асуджаных звычайна паміраюць маці, іх кідаюць жонкі, забываюць дзеці. Яны фактычна адразу будуць адрынутыя грамадзтвам, бо ня маюць аніякага ўяўленьня, як тут сябе паводзіць. Працоўных навыкаў большасьць ня мае. Падчас маёй адседкі ў Жодзіне працы не было ніякай; кажуць, цяпер там устанавілі некалькі швейных машын. Потым, калі перавялі ў Глыбокае, там стаялі машыны чатыры. Некалькі чалавек, якія былі вінны дзяржаве, шылі рукавіцы. Кантралёры казалі мне: «Вось зробім для вас швейныя цэхі. Гэта ня толькі выдаткі на вытворчасьць, але яшчэ і выдаткі на ахову. Аўчынка вырабу ня вартая». Кажуць, што цяпер крыху болей машынак, аднак большасьць зэкаў усё роўна вымушаныя гультаі.
— Як вы самі прызвычайваліся да вольнага жыцьця?
— Калі ўзяць мяне, то, безумоўна, я выйшаў з надламанай псыхікай. Падчас хатняй хіміі, калі знаходзіўся пад іх наглядам і мусіў зьяўляцца на рэгістрацыю, я машынальна, па-турэмнаму, хаваў рукі за сьпіну, лавіў сябе на тым, што баюся нават адной іх формы. Я і дагэтуль не адышоў ад гэтага стану. Я ўвогуле, хоць і ўтойваў гэта, доўгі час саромеўся сябе, бо лічыў, што іншы, не такі, як звычайныя вольныя людзі. У мяне здараліся галюцынацыі кшталту нюхальных. Нягледзячы на тое, што я пастаянна мыўся ў душы, апранаў на сябе ўсё абсалютна чыстае, я ўсё роўна адчуваў на сябе смурод пажыцьцёвіка, сумесь самых непрыемных пахаў, уключна з пахам прыбіральні, — тое, на што так рэагуюць турэмныя сабакі.
Ці ўзяць такі момант, як паводзіны за сталом. Прызвычаіўшыся да тых памыяў, якія нам давалі ў лягеры, я, апынуўшыся дома, доўга ня мог прыгадаць, а як есьці тую ж кілбасу. Мы елі за кратамі выключна лыжкай ці ўвогуле рукамі. Першы час на волі відэлец высьлізгваў у мяне з рук. І я шукаў лыжку, каб дапамагчы сабе паднесьці да роту тую кілбасу. Не кажу ўжо пра мабільныя тэлефоны, розныя кампутары. Да майго арышту я мала што ведаў пра гэта. А тут прыйшлося вучыцца карыстацца. Шмат якія рэчы, элемэнтарныя для ўсіх астатніх вольных людзей, даваліся мне зь цяжкасьцю. Гэты пры тым, што ў мяне была любімая сям’я. А тыя, хто гэтага ня мае, яны, у пераважнай большасьці выпадкаў, апынуўшыся на волі, хутка могуць учыніць нешта жорсткае, самі таго не жадаючы і не разумеючы.
Пасткрыптум
У канцы размовы Аляксандар Сьцяпанавіч падзяліўся: яшчэ за кратамі ён пачаў пісаць нататкі пра сваё так званае «пажыцьцёвае жыцьцё». Рукапіс гатовы, але далей патрэбная рэдактура: усё ж ён не пісьменьнік. У Беларусі матэрыял нікога не зацікавіў. Знайшоўся нехта ў Расеі, дзе гэта быццам больш актуальна.
Унучка Буд-Гусаіма, якая вучыцца ў малодшых клясах, даведалася пра дзедаву турму, толькі калі яго ня стала. У сям’і ёй пра гэта не казалі. Аднак днямі школьная сяброўка перадала дзяўчынцы словы бацькі — у ягонай фірме да апошняга дня працаваў дзед:
«Добры чалавек быў, другога такога працаўніка цяжка знайсьці. Колькі б добрага яшчэ зрабіў, калі б ня тая турма».
Малая была ўзрушаная пачутым і ўжо дома спыталася ў бацькоў ды бабулі, ці праўда, што дзядуля сядзеў, бо ў турме сядзяць толькі кепскія людзі, забойцы.
«Калі ў галовах дзяцей такія стэрэатыпы, то што тады ў галаве дарослых, — кажа блізкая знаёмая сям’і Буд-Гусаімаў, якая расказала гэтую гісторыю. — Вязьніца ў нас — кляймо на ўсё жыцьцё, тым больш ва ўмовах невялікага гораду. Калі палітвязень — ізгой для дзяржавы, то нерэабілітаваны крымінальнік ды ягоная сям’я — ізгоі і для дзяржавы, і для грамадзтва».