«Бог ня фраер». Расейскі губэрнатар адказаў журналістам, якія напісалі пра аўтамабіль япіскапа за $105,000

Губэрнатар Арлоўскай вобласьці ў Расеі Вадзім Патомскі адказаў журналістам, якія напісалі пра падораны япіскапу Лівенскаму і Малаархангельскаму Нектарыю аўтамабіль Land Cruiser V8 за 6 мільёнаў расейскіх рублёў (больш за $105,000).

Губэрнатар абвінаваціў газэту «Орловские вести» ў некарэктных паводзінах і сказаў, што сьвятара можна судзіць толькі «божым судом». «Бог ня фраер», сказаў губэрнатар у размове з радыё «Говорит Москва».

А калі журналісты пачынаюць задаваць пытаньні, хто як жыве са сьвятароў, у мяне ўзьнікае адно пытаньне: іх хто ўпаўнаважыў гэтае пытаньне задаваць?»

«Трэба пачытаць Біблію: не судзіце, каб і вас не судзілі. А калі журналісты пачынаюць задаваць пытаньні, хто як жыве са сьвятароў, у мяне ўзьнікае адно пытаньне: іх хто ўпаўнаважыў гэтае пытаньне задаваць?», — сказаў губэрнатар.

Кіраўнік Арлоўскай вобласьці адзначыў, што ў япіскапа Нектарыя ёсьць начальнік — мітрапаліт Антоній, які «можа зрабіць яму заўвагу, калі палічыць патрэбным».

«А калі мы ходзім да прадстаўнікоў Бога, пачынаем іх лінчаваць і чымсьці паліваць... Бог ня фраер. Ён усё бачыць. І суд бывае толькі адзін: божы суд. У нас гэта ідзе да патрыярха: ня тыя часы, ня так жыве, не на тых машынах езьдзіць», — дадаў кіраўнік рэгіёну.

Напярэдадні япіскап Нектарый (Мікалай Селязнёў) запатрабаваў ад рэдакцыі газэты «Орловские вести» выдаліць матэрыял пра ягоныя аўтамабілі, у выпадку непадпарадкаваньня ён прыгразіў прыцягнуць журналістаў да адказнасьці за абразу пачуцьцяў вернікаў.

Паводле зьвестак газэты, на імя біскупа зарэгістраваны ўседарожнік, рынкавая цана якога сягае 6 мільёнаў расейскіх рублёў, зь дзяржаўнымі нумарамі, як у чальцоў абласнога ўраду. У эпархіі кажуць, што аўтамабіль Нектарый атрымаў у падарунак ад мясцовага аграхолдынгу за «архірэйскае служэньне».