Аляксандар Лукашэнка незадаволены вынікам беларускай зборнай на нядаўнім чэмпіянаце сьвету, дзе выхаванцы канадзкага спэцыяліста Дэйва Льюіса замест дэкляраванай задачы змагацца за высокія пазыцыі вымушаныя былі адстойваць права застацца ў мацнейшым дывізыёне.
Лукашэнка сам аматар хакею, нязьменны капітан прэзыдэнцкай каманды. Ён абвінавачваў хакеістаў, што тыя нічога толкам ня ўмеюць, ня здольныя дабегчы да варотаў суперніка і наогул назваў іхную гульню «стыдобішчам». Яшчэ падчас першынства ён паабяцаў, што так працягвацца ня можа, будуць прынятыя меры рэагаваньня.
Як стала вядома спартовай газэце «Прессбол», з бачаньнем стратэгіі далейшага разьвіцьця хакейнай гаспадаркі перад Лукашэнкам выступяць тры асноўныя сьпікеры — нядаўна абраны старшыня Беларускай фэдэрацыі хакею Сямён Шапіра, галоўны трэнэр клюбу «Юнацтва» Міхаіл Захараў і дырэктар дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзэрву таварыства «Дынама» Дзьмітрый Баскаў. Былы кіраўнік хакейнай фэдэрацыі Ігар Рачкоўскі, які пасьля чэмпіянату сьвету падаў у адстаўку, на сустрэчу не запрошаны.
За некалькі дзён да сёньняшняй нарады фэдэрацыю хакею нечакана ўзначаліў старшыня Менскага аблвыканкаму Сямён Шапіра. Учора прэзыдэнцкім указам ён вызвалены ад абавязкаў у аблвыканкаме. Раней Шапіра ня меў дачыненьня да хакею.