— А я з фэйсбуку дазнаўся, што Алесю Яўдаху працягнулі тэрмін сьледзтва да 21 ліпеня.
Абмяркоўваем з прыяцелем «Справу Патрыётаў».
— Бо Алесь піша пра сябе падрабязна, і ёсьць каму даваць зьвесткі іншым. Вось і пра Аляксея Дундукова мы ведаем, што яму працягнулі справу на чатыры месяцы, бо яго жонка Ганна адкрытая для журналістаў і сацсетак. Нават пра катаваньні некаторых арыштаваных ведаем, бо нават з СІЗА можна перадаць інфармацыю па-за лістамі.
Прыяцель катэгарычны:
— Але я не магу зразумець чаму ў тых жа сацсетках такая апатыя? Настолькі абыякавасьць адчуваецца, нават у фэйсбуку, дзе здавалася б, можна рэпост зрабіць, лайк паставіць. Ня ведаю... Можа справа і ў тым, што хлопцы, якія бегалі па лясах у камуфляжы не ўспрымаюцца як клясычныя ахвяры.
— Па-першае амаль усе арыштаваныя ў звычайным жыцьці былі непублічнымі. Дый цяпер інфармацыі пра большасьць альбо няма, альбо яе вельмі мала. А людзі суперажываюць тым, каго ведаюць. Хай сабе праз мэдыі. Па-другое, мы жывем у інфармацыйны век. А навіны жывуць дзень-два. А якія навіны па «Справе патрыётаў»? Усяго некалькі сямей адкрытыя для кантактаў з журналістамі. Астатнія ў глухой абароне. «Баяцца нашкодзіць» як тлумачыць адна знаёмая арыштаванага.
— А грамадзкасьць, а палітыкі?! Ну вось ёсьць жа куча лідэраў апазыцыі за якімі па пару дзясяткаў штыкоў. Але нават яны маўчаць.
— Не зусім так. Уздымаюць пытаньне на міжнародных сустрэчах. Пішуць звароты. Калі пачнецца суд, калі пойдзе інфармацыя, тады і грамадзкасьць зможа зрэагаваць актыўна. Як у гісторыі з блогерам Джонам Сільвэрам/Эдуардам Пальчысам. Толькі пачаўся працэс, усе ўбачылі што справа шытая белымі ніткамі і неўзабаве яго вызвалілі з-пад варты.
— Згодны, — кажа прыяцель, — людзей няма (закрытыя за мурамі) і праблема ня так адчуваецца ці не адчуваецца наагул. Зьявяцца ў клетцы на судзе — грамадзтва пачне патроху варушыцца
— Так. У ідэале сваякі маглі б стварыць камітэт дапамогі, нефармальную арганізацыю падтрымкі. Тады б і грошы на адвакатаў зьбіраць было б лягчэй, дый проста некаторых фінансава падтрымаць. Сваякі ці самазапужаліся па савецкай звычцы «лепш маўчаць» ці іх наўмысна запужалі.
— Дык што рабіць?
— Дасылаць лісты. Чытаньне і адказ на ліст займае мозг і эмоцыі зьняволенага.
— Што пісаць незнаёмым людзям?
— Дык хоць бы перапісваць самае цікавае з абмеркаванага ў сацсетках. Ды хоць бы артыкулы са СМІ па бягучых падзеях. Асабліва маглі б дапамагчы літаратары: пісаць для зьняволеных кароткія творы ці вялікія з працягам. Але і звычайны чалавек можа дапамагчы проста добрым словам.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.