64-гадовы Ленін Марэна, як і шмат хто ў Лацінскай Амэрыцы, стаў аб’ектам ідэалягізацыі «рэвалюцыі пралетарыяту» і яго правадыра Ўльянава-Леніна. Атрымаўшы ад бацькоў экзатычнае імя, цяпер сам прасоўвае ў масы ідэі «роўнасьці і братэрства» пад сьцягам Patria Altiva y Soberana — кіроўнага «Альянсу годнай і сувэрэннай Радзімы».
Глябальныя наступствы бітвы левых і правых
Сёньня ў эквадорскай сталіцы Кіта адбудзецца афіцыйная цырымонія перадачы паўнамоцтваў ад старога прэзыдэнта новаму. Рафаэль Карэа прадставіць апошні даклад Нацыянальнаму сходу пра дасягненьні сваёй адміністрацыі за 10 гадоў ва ўладзе. Пасьля гэтага вызваленае месца зойме ягоны пратэжэ — Ленін Марэна.
Ад Беларусі ўдзел у інаўгурацыі возьме кіраўнік Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка. Аляксандар Лукашэнка павіншаваў лацінаамэрыканскага калегу, заявіўшы, што ягоная перамога «пацьвердзіла шырокую падтрымку эквадорскім народам высакародных ідэяў праекту «Грамадзянская рэвалюцыя».
У зьвязцы як прэзыдэнт і віцэ-прэзыдэнт Карэа-Марэна прыйшлі ва ўладу ў 2006-м, разам працавалі да 2013-га. Потым Ленін стаў спэцыяльным пасланьнікам Генэральнага сакратара ААН у пытаньнях інваліднасьці і даступнасьці: у 1998-м на яго напалі ўзброеныя рабаўнікі, і вось ужо два дзесяцігодзьдзі ён езьдзіць у інвалідным вазку. За дапамогу людзям з абмежаванымі магчымасьцямі вылучаўся кандыдатам на Нобэлеўскую прэмію міру.
У фінале гонкі ўладнаму вылучэнцу супрацьстаяў былы губэрнатар, экс-міністар эканомікі, фінансаў і энэргетыкі, кіраўнік найбуйнейшага ў краіне камэрцыйнага банку «Гуаякіль», заснавальнік дэмакратычнага руху CREO Гільерма Ляса. Дарэчы, абяцаў, што першым крокам у выпадку перамогі стане выхад Эквадору з ультралевага палітычнага блёку «Баліварыянскі альянс народаў Амэрыкі» (ALBA), які, ягонымі словамі, «цягне ў неадукаванае цемрашальства ўвесь кантынэнт». Ляса выступае за доўгатэрміновыя гандлёвыя пагадненьні з ЗША, Эўропай, Азіяй.
Згодна з афіцыйнымі дадзенымі Annuario Pontificio, які выдаецца ў Ватыкане, Эквадор адносіцца да ліку самых каталіцкіх дзяржаваў сьвету — з 13 мільёнаў 300 тысяч жыхароў 12 мільёнаў 700 тысяч наведваюць касьцёл. Гэта 95%. Між тым, пры сваёй глыбокай рэлігійнасьці, вельмі шмат хто ў Эквадоры прапаведуе левыя погляды і гатовы галасаваць за каго заўгодна, абы паабяцалі змагацца зь «ненавісным імпэрыялізмам» — і гэта актыўна тыражуе дзяржаўная прапаганда. Апроч таго, на сёлетніх выбарах Леніна ўсялякім спосабам падтрымлівалі рэжымы з восі «альбы». Яно і зразумела: перамога правых і выхад Эквадора з альянсу адразу справакуюць ланцуговую рэакцыю і ўрэшце яго разваляць.
Пры магутным зьнешнім і ўнутраным ціску на апанэнтаў рэжыму першы, лютаўскі тур пераможцу ня выявіў. У другім, красавіцкім, трыюмфатарам абвешчаны Марэна — 51%. Ляса набраў на 3% меней і зьвінаваціў апанэнта ў падтасоўках і выкарыстаньні адміністрацыйнага рэсурсу. Аднак пералік галасоў нічога ня даў — пераемнасьць палітычнай лініі ўдалося захаваць. Як заявіў Карэа, падтрымка кандыдатуры ягонага спадкаемца — найлепшы адказ пэсымістам, якія казалі, што эпосе ўрадаў левай скіраванасьці ў рэгіёне настаў канец. «Праект грамадзянскай рэвалюцыі будзе працягнуты», — запэўніў ён.
24 траўня — дата для эквадорцаў невыпадковая. У гэты дзень у 1822 годзе атрады генэрала Антоніё Хасэ дэ Сукрэ, бліжэйшага паплечніка Сімона Балівара, разьбілі гішпанскія войскі ў бітве пры Пічынчы. Да паўстанцаў далучыліся індзейцы і мэтысы, якіх левыя сілы да сёньня выкарыстоўваюць у электаральных мэтах. Сьвяткуецца гэтая гадавіна як нацыянальнае сьвята, «сукрэ» да 2000 году называлася грашовая адзінка Эквадору. (З пачаткам новага тысячагодзьдзя ў абарот уведзены амэрыканскі даляр.)
Спакуса «абнуліць» першыя гады прэзыдэнцтва
Нягледзячы на больш чым 10 тысяч кілямэтраў, якія разьдзяляюць Беларусь і Эквадор, у мэтадах кіраваньня іх лідэраў шмат агульнага. Як і Аляксандар Лукашэнка, Рафаэль Карэа не палічыў за нешта ненатуральнае «абнуліць» першыя гады ва ўладзе. Абралі яго на прэзыдэнта пад папулісцкімі лёзунгамі з антыамэрыканскай рыторыкай, на тле глыбокага эканамічнага і сацыяльнага крызісу. Гістарычны этап, дэкляраваны як «вялікі баліварыянскі праект», атрымаў гучную назву «сацыялізму ХХІ стагодзьдзя».
Нездарма тады на інаўгурацыю сабраліся збольшага сябры-калегі, левыя ці левацэнтрысты: Эва Маралес (Балівія), Уга Чавэс (Вэнэсуэла), Рауль Кастра (Куба), Даніэль Артэга (Нікарагуа), Алехандра Таледа (Пэру), Лула да Сільва (Бразылія). Іншародным хіба па геаграфіі, але не па духу, быў тагачасны іранскі лідэр Махмуд Ахмадзінэджад.
А неўзабаве прапрэзыдэнцкія сілы ініцыявалі перагляд Канстытуцыі ў новым, сацыялістычным духу. У 2009-м былі праведзены датэрміновыя выбары: Карэа без праблемаў пераабраўся, папярэднія гады сьпісаліся, як і не было. Аўтаматычна тэрмін быў працягнуты да 2013-га. Пасьля гэтага выйграў яшчэ адну прэзыдэнцкую кампанію — і, замест таго, каб завяршыць кадэнцыю ў 2014-м, працягнуў яе яшчэ на тры гады.
Летась прэзыдэнцкая каманда паспрабавала зноў перапісаць Асноўны закон: маўляў, крыху не хапіла, каб заявіць пра канчатковую пабудову сацыялізму, «рулявога» трэба пакінуць. Але народ абурыўся, пачаліся сутычкі з паліцыяй, і Карэа ўзяў самаадвод — паабяцаў, што на трэці тэрмін (фактычна — на чацьвёрты) ня пойдзе. Кажа, што пасьля адстаўкі зьбіраецца зьехаць у Бэльгію, адкуль родам ягоная жонка.
Тым часам усе сілы і рэсурсы былі кінутыя на прасоўваньне іншага кандыдата — былога віцэ-прэзыдэнта Леніна Марэны. Паспрабавалі згуляць і на элемэнтарнай спагадзе да ягонага фізычнага стану. У перадвыбарнай праграме Ленін запэўніў, што працягне справу «сацыялістаў ХХІ стагодзьдзя». На практыцы гэта азначае павелічэньне долі дзяржаўнага сэктару ў эканоміцы і пераразьмеркаваньне сродкаў ад багатых да бедных. Бадай, на гэтым беларуска-эквадорскія палітычныя паралелі сканчаюцца.
Другі тур як вынік арытмэтычнай хібнасьці
Падчас перадвыбарнай кампаніі ўдалося на ўласныя вочы паназіраць, як тамтэйшым жыхарам гарантуецца права на канстытуцыйнае волевыяўленьне. Абыякавых ці інэртных у грамадзтве, як выглядае, няма. Датычнасьць да важнай палітычнай падзеі адчувае кожны.
Кроку было не ступіць, каб не наткнуцца на матарызававаны агітпрабег ці шоў-праграму ў падтрымку таго ці іншага прэтэндэнта. На кожным рагу — пікет, плякат ці сьцяг выбарнага штабу. На вуліцах і плошчах узбуджаныя грамадзяне ўсякага этнічнага паходжаньня палка абмяркоўваюць расклад сілаў. Ніводнага разу так і не пачуў звыклай для Беларусі перасьцярогі зь пераходам на шэпт — маўляў, давайце ня будзем пра палітыку, а то яшчэ бокам вылезе.
Усе восем кандыдатаў, дапушчаных да гонкі на першым этапе, атрымалі доступ да грамадзкіх і мэдыйных трыбунаў, уключна з тэле- і радыёэфірам, газэтамі, улёткамі, выступамі ў працоўных калектывах, на вулічных акцыях. Ніхто нікога не перасьледаваў, не здымаў з дыстанцыі, не вінаваціў у спробе захопу ўлады.
Цяжка ўявіць, што ў дадатковы тур могуць вывесьці долі адсотка — у першым Леніну для перамогі не хапіла ўсяго 0,7%. Паводле тамтэйшых законаў, неабходна набраць 50% +1 голас або ня меней за 40% пры ўмове адрыву ад суперніка на 10%. Па выніках першага туру Ленін набраў 39,3%, Гільерма Ляса — 28,1%. Паўтаруся: 39,3% замест жаданых 40%, каб адрапартаваць пра чыстую перамогу. Зрэшты, у другім туры розьніца таксама была даволі ўмоўная — 51% супраць 48%.
Вось жа, падтрымкі абсалютнай большасьці насельніцтва Ленін адпачатку ня мае, і пытаньне ў тым, наколькі выйгрыш «на тоненькага» гарантуе яму бесклапотнае існаваньне. Па вялікім рахунку, нічога надзвычайнага ад яго і не патрабуецца — абы не было так, як у суседняй Вэнэсуэле.
Дзякуючы нашмат больш гаспадарліваму асваеньню нафтавых нетраў (Эквадор стабільна ў першай дваццатцы краін — удзельніц картэля экспартэраў нафты), эквадорцы спаўна карыстаюцца прыроднай рэнтай. А сярэднегадавая тэмпэратура пад 30 градусаў дазваляе абмяжоўвацца мінімальным гардэробам, здымаць па тры ўраджаі на год і забыцца пра ціск камунальных плацяжоў. Рызыкі памерці з голаду не існуе ў прынцыпе: ня вырасьце на сваім гародзе, дык знойдзеш пры дарозе — ад асартымэнту ядомых «дзікаросаў» разьбягаюцца вочы. Таннае паліва спрыяе даступным грузавым і пасажырскім перавозкам — дызэль каштуе ў сярэднім 1 даляр за галён (25 цэнтаў за літар), утрая менш, чым у Беларусі.
Заганная практыка «забраць і падзяліць»
Пэўныя посьпехі Карэа на прэзыдэнцкай пасадзе прызнаюць нават апанэнты. Пры ўдалай нафтавай каньюнктуры ў другой палове нулявых яму ўдалося давесьці да ладу сацыяльную інфраструктуру. Узьведзеныя школы, шпіталі, у цяжкадаступныя раёны пракладзеныя дарогі, дасягнуты прымальны ўзровень жыцьця.
Напрыклад, выхавацель дзіцячага садку Пака, зь якім я пазнаёміўся ў невялікім гарадку Сан-Антоніё, мае ў сярэднім 1200 даляраў на месяц. Такія грошы дазваляюць ня толькі ўтрымліваць сям’ю, а мець досыць высокі статус у сацыяльнай герархіі. Адпаведна, мужчын у сыстэме адукацыі нашмат больш, чым у Беларусі — параўноўваць дашкольныя ўстановы нават не выпадае. Прыбытак кваліфікаваных мэдыкаў, інжынэраў яшчэ вышэйшы.
Мінус эквадорскай мадэлі палягае ў тым, што, як і ва ўсіх лявацкіх рэжымаў, яна заточаная на «робінгудзтва» — рознымі спосабамі забраць у багатых і падзяліць паміж астатнімі (аналягічныя рычагі ўсё часьцей пускае ў ход і кіраўнік Беларусі). З такім падыходам, уласна кажучы, і змагаўся капіталіст Гільерма Ляса. Ягонае жаданьне стварыць справядлівыя ўмовы дзейнасьці для ўсіх падтрымалі партовы Гуаякіль ды іншыя дзелавыя цэнтры, а таксама насельнікі Галапагоскага архіпэлягу — аддаленая тэрыторыя цалкам трымаецца на прыватнай ініцыятыве.
Наогул, чым маладзейшы кантынгент выбарцаў, тым менш ахвоты закансэрвавацца пад уладай чарговага сацыяліста-папуліста. Было шмат нагодаў, каб пагутарыць зь мясцовай моладзьдзю, і практычна кожны раз было чуваць: шлях сацыялістаў тупіковы, у левакоў няма будучыні, іх ідэалёгія мёртвая. І краіне, і рэгіёну патрэбная зьмена курсу, інакш — непазьбежны адкат у мінулае. Адрозна ад жыхароў некаторых эўрапейскіх краін, шмат хто ведае пра існаваньне Беларусі — праўда, збольшага ў зьвязку з лацінаамэрыканскім вэктарам палітыкі Лукашэнкі.
Да нядаўняга часу нізкія кошты на нерухомасьць і арэнду жыльля прыцягвалі ў Эквадор багата замежнікаў. Краіна прызнаная адной з самых бясьпечных на паўднёваамэрыканскім кантынэнце, тут ахвотна селяцца амэрыканскія пэнсіянэры, а каляніяльныя гарады прывабліваюць турыстаў. Эквадор напраўду надзвычай прыгожы: Анды ўражваюць сваёй велічнасьцю, Амазонія — першароднасьцю, а недалёка ад сталіцы ёсьць месца, дзе можна «разжагерыцца» паміж паўночным і паўднёвым паўшар’ем.
Пра Галапагосы размова асобная — вульканічныя выспы пасярод Ціхага акіяну зь іх эндэмічнай флёрай і фаўнай цягнуць, безь перабольшаньня, на цуд сьвету. Плюс гасьціннае, прыязнае, адкрытае да кантактаў насельніцтва.
Разам з тым ва ўмовах бюджэтнага дэфіцыту, выкліканага імклівым падзеньнем нафтавых каціровак, улады пайшлі на непапулярныя захады: узьнялі тарыфы ЖКГ, імпартнае мыта, акцызы на алькаголь і тытунь. Цэны на шэраг тавараў і паслуг вырасьлі ў сярэднім на 20–30%. Дый увядзеньне даляра ў якасьці разьліковай валюты паставіла мясцовых вытворцаў у заведама пройгрышныя ўмовы ў параўнаньні з суседзямі-канкурэнтамі.
Індзейская карта як фактар стабільнасьці
Дагэтуль улады ўмела карысталіся падтрымкай індзейцаў — іх амаль 4 мільёны з агульных 16 мільёнаў насельніцтва. Дзеля індустрыялізацыі індзейцам шмат дазвалялася, а яны захоўвалі маўчаньне. Неўзабаве такая ляяльнасьць можа скончыцца.
Першыя сур’ёзныя забурэньні карэнных жыхароў здарыліся ў 2015 годзе, калі, насуперак абяцаньням, пачалася распрацоўка нафтавых радовішчаў у запаведных зонах. Пры ўсіх прэзыдэнтах існавала нефармальная дамова з абарыгенамі — шчодрыя «адступныя» за вышукальныя працы. Аднак Карэа, паверыўшы ва ўласныя сілы, вырашыў індзейцаў абмежаваць. Толькі калі пад офісамі кіроўнай партыі пачала рвацца выбухоўка, «кантракт» быў адноўлены — праўда, цяпер гэтыя выдаткі намагаюцца павесіць на камэрсантаў.
Нафта мае вырашальнае значэньне для эквадорскай эканомікі, яе экспарт застаецца галоўным артыкулам папаўненьня бюджэту. Ад таго, як распарадзіцца гэтым рэсурсам Ленін Марэна, будзе залежаць узровень ягонай падтрымкі. А рэаліі такія, што палова ацэненых запасаў знаходзіцца ў трохкутніку Ішпінга-Тамбакоча-Тыпуціні (Ishpingo-Tambococha-Tiputini) і, на жаль для ўраду, гэта адно з самых біялягічна разнастайных месцаў плянэты — Нацыянальны парк Ясуні.
Карэа ў свой час паспрабаваў шантажаваць усясьветную супольнасьць: маўляў, кампэнсуйце 3,5 мільярда даляраў — і мы перагледзім пляны здабычы. Атрымаўшы адмову, улады распачалі наступ на джунглі, дзе і сёньня жывуць плямёны, якія пазьбягаюць кантактаў з цывілізацыяй. Пакуль аб’ёмы адносна невялікія — 30 тысяч барэляў на дзень. Але празь пяць гадоў іх мяркуецца павялічыць у 10 разоў.
Як лічаць тамтэйшыя аналітыкі, толькі пытаньне часу, калі Ленін закасае рукавы і пачне высякаць пакуль яшчэ некранутыя трапічныя лясы Амазоніі, якія замінаюць асвойваць незьлічоныя запасы «чорнага золата». А гэта —шлях наўпрост да эскаляцыі напружанасьці, найперш у дачыненьнях з аўтахтонамі.
Захаваць традыцыі інкаў і перадаць дзецям
Індзейцы — самая калярытная частка эквадорскага грамадзтва. Жывуць у мікраскапічных сылікатна-блёкавых «вігвамах», пераважна па месцах традыцыйнага расьсяленьня сваіх продкаў — інкаў. Займаюцца сельскай гаспадаркай і гандлярствам, захоўваюць этнічную чысьціню, практычна ня зьмешваючыся зь іншымі расамі. Нягледзячы на глябалізацыю, носяць нацыянальную вопратку — у кожным рэгіёне яна мае свае адметнасьці, але ў месцах кампактнага расьсяленьня абавязкова знойдзеш краму з вырабамі пад аўтэнтыку. А галоўнае, самі размаўляюць на старажытнай мове — кечуа — і перадаюць яе дзецям.
Мінус добраахвотнай ізаляванасьці — фізычнае выраджэньне. Адсутнасьць сьвежай крыві правакуе вышэйшую сьмяротнасьць і паступовае «стоптваньне»: нават мужчыны ня ўсе сярэдняга, па нашых мерках, росту, а для жанчын паўтара мэтра — амаль норма. Але не ідэнтыфікаваць у натоўпе карэннага жыхара немагчыма.
З улікам манаполіі на нафтаперапрацоўчую галіну ўвесь прыбытак разам са стратэгічнай сыравінай перапампоўваецца ў цэнтар, а на мясцовае разьвіцьцё — скардзяцца ў правінцыі — перападае драбяза. Напрыклад, на басэйн Амазонкі прыпадае ўсяго 3% бюджэту, таму і паказьнік беднасьці ў патэнцыйна заможным рэгіёне ці ня самы высокі ў краіне.
Праціўнікі зьнішчэньня дзеля аднамомантавай выгады ўнікальнага прыроднага ляндшафту прапануюць разьвіваць сэктар паслуг, перадусім у сфэры фінансаў і турызму. Аднак на вышэйшым узроўні гэта ўспрымаецца без асаблівага энтузіязму, бо не нясе значных дывідэндаў ні ў каротка-, ні ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве. Нават той факт, што Эквадор — самы буйны экспартэр бананаў у сьвеце і кантралюе траціну глябальнага рынку, не ідзе ні ў якае параўнаньне з тым, колькі можна зарабіць на нафце.
Дарэчы, збольшага адасоблена жыве і яшчэ адна група — так званыя афраэквадорцы. У свой час нявольнікі-ўцекачы ратаваліся ад перасьледу ў цяжкадаступных раёнах на поўдні, але сёньня і іхні звыклы арэал існаваньня пастаўлены пад пагрозу — зноў жа, з прычыны плянаў ураду асвойваць багатыя радовішчы.
Спэкуляцыі на мадэлі сацыяльнай дзяржавы
Аляксандар Лукашэнка, які дэкляруе, што будуе «сацыяльную дзяржаву для простага чалавека», не хавае сымпатый на адрас паўднёваамэрыканскіх лідэраў. Кастра, Чавэс, Маралес, Артэга, Карэа — усе яны ўпісваюцца ў мадэль палітычных паводзін кіраўніка Беларусі.
Беларускі і эквадорскі прэзыдэнты абмяняліся дзяржаўнымі візытамі, дэкляравалі намеры пашыраць і паглыбляць глябальную каапэрацыю з ахопам вялізнай прасторы — ад Вэнэсуэлы да Бразыліі. Наўрад ці трэба сумнявацца, што сяброўства зь Леніным будзе менш палымяным — натуральна, калі наступніка Карэа далёкая Беларусь яшчэ будзе цікавіць.
Справа ў тым, што палітычныя апанэнты пасьпелі адкарэктаваць амбітныя пляны транснацыянальнай інтэграцыі, дэкляраваныя Карэа і Лукашэнкам. Незадоўга перад выбарамі Гільерма Ляса і яго прыхільнікі канстатавалі як факт: улады не павінны супрацоўнічаць з дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі, а тым больш дазваляць яму зарабляць на эквадорскіх спажыўцах.
Адрозна ад Лукашэнкі, Карэа праігнараваць рэальную апазыцыю не ўдалося — пражэкты наконт узьвядзеньня зборачных вытворчасьцяў, будаўніцтва жыльля і асваеньня нафтавых радовішчаў сёньня збольшага замарожаныя.
Прынамсі ў афіцыйных справаздачах за мінулы год фігуруе, што двухбаковы гандлёвы абарот склаў усяго 77 мільёнаў даляраў пры вялізным адмоўным сальда — аб’ём беларускага экспарту ледзь перавысіў 4 мільёны. Усё астатняе прыпадае на імпарт: бананы, айва, абрыкосы, пэрсікі, цытрусавыя, кава, кветкі і бутоны.
Мільярды даляраў мроіліся Менску і падчас кадэнцыі ў Вэнэсуэле Уга Чавэса. Аднак пасьля ягонай сьмерці падхапіць сьцяг беларуска-вэнэсуэльскага сяброўства ня здолеў нават ягоны ідэалягічны нашчадак Нікалас Мадура. Няма ніякай гарантыі, што працягваць экспэрымэнты свайго папярэдніка захоча і Ленін.
Эквадорскія апартамэнты аўстралійскага кватаранта
Адным з самых зацікаўленых назіральнікаў за выбарамі ў Эквадоры быў чалавек, які ня мае да гэтай краіны непасрэднага дачыненьня. За выключэньнем таго, што апошнія пяць гадоў ён хаваецца ад міжнароднага правасудзьдзя ў эквадорскай амбасадзе ў Лёндане. Гэта фігурант справы аб выдачы дзяржаўных сакрэтаў, заснавальнік «шпіёнскага» рэсурсу WikiLeaks Джуліян Асанж.
Кандыдат ад правых Гільерма Ляса перад выбарамі даў зразумець, што ў выпадку сваёй перамогі цягам 30 дзён выставіць нязванага нахлебніка, за якога «грамадзяне Эквадору заплацілі цану, якую не павінны былі плаціць».
Пры такім раскладзе аўстралійца чакала спачатку экстрадыцыя ў Швэцыю, дзе яго абвінавацілі ў правапарушэньнях сэксуальнага характару, а потым у ЗША — там яму пагражае пажыцьцёвы тэрмін за разгалошваньне сакрэтнай інфармацыі. Перамога пераемніка Карэа, які, уласна кажучы, у 2012 годзе і гарантаваў Асанжу прытулак у будынку дыпмісіі, дала магчымасьць расслабіцца — Ленін ужо запэўніў, што высяляць палітычнага кватаранта ня будзе.
Нягледзячы на тое, што днямі швэдзкая пракуратура заявіла пра рашэньне спынiць папярэдняе сьледзтва ў дачыненьні да Асанжа і зьняць зь яго абвінавачваньні ў згвалтаваньні, лёнданская паліцыя прыгразіла арыштаваць падазраванага, як толькі той пакіне будынак амбасады. Яшчэ ў чэрвені 2012 году суд Вялікай Брытаніі выдаў ордэр на арышт фігуранта справы пасьля таго, як ён адмовіўся здацца правасудзьдзю. Асанж ужо заявіў, што рызыкаваць свабодай не зьбіраецца і застанецца ў сваіх сьціплых «апартамэнтах».
А гэта значыць, эквадорскія падаткаплатнікі і надалей мусяць утрымліваць «дарагога госьця» — ва ўсіх сэнсах гэтага слова.