Яўген Палтаржыцкі, якога затрымалі 21 сакавіка і трымалі ў СІЗА КДБ у справе «Белага легіёну», пераведзены на хатні арышт.
Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», меру стрыманьня для Яўгена Палтаржыцкага зьмянілі 19 траўня.
Спачатку Яўген абвінавачваўся ва ўдзеле ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, пазьней да гэтага дадалося стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня.
Яўген Палтаржыцкі — гісторык паводле адукацыі. У канцы сакавіка па Беларускім тэлебачаньні былі паказаныя кадры апэратыўнай здымкі, на якіх ён даваў камэнтары пра схованку арматуры, нібыта знойдзенай у лесе сьледчымі ў справе «Белага легіёну». Між тым былая жонка аднаго з лідэраў «Белага легіёну» Міраслава Лазоўскага Ніна Шыдлоўская паведаміла СМІ, што Яўген Палтаржыцкі ніколі ня браў актыўнага ўдзелу ў дзейнасьці «Белага легіёну».
У сьпісе затрыманых у «справе патрыётаў», паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», за кратамі застаецца 16 чалавек. Іншыя 16 чалавек, якіх раней затрымлівалі за ўдзел у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і арганізацыю незаконнага вайсковага фармаваньня, вызваленыя з-пад варты пад падпіску аб нявыезьдзе ці без абмежаваньняў.