«Я баюся свайго сына». Калі дзіця можа пакалечыць ці нават забіць

Ілюстрацыйнае фота

«Цяжкія падлеткі ва ўсім сьвеце вельмі псыхалягічна падобныя паміж сабой. Усе яны нібыта апынуліся ў „кайданах“ сындрому пакінутага чалавека, жывуць у стане трывогі, паступова становяцца замкнёнымі, падазронымі. Перажываньні адбіваюцца на твары: найчасьцей у іх вельмі сумныя вочы».

«Было такое добрае дзіця, а потым яго быццам бы падмянілі...», — кажа Людміла, чый непаўналетні сын адбывае працяглае пакараньне ў Бабруйскай дзіцячай калёніі.

У 15 год хлопец жорстка зьбіў свайго сябра, які стаў калекам на ўсё жыцьцё. Падчас сьледзтва ў размове зь дзіцячым псыхолягам сказаў, што зрабіў так, таму што проста жадаў так зрабіць. Зьбіваць яму было прыемна. Ніякай спагады да пацярпелага няма, раскаяньня таксама.

Ілюстрацыйнае фота

«Расказваць пра нашы праблемы было сорамна»

Людміла — той рэдкі выпадак, калі маці бачыць ва ўчынку сына і сваю з бацькам віну. Кажа, што праявы жорсткасьці ў хлопчыка пачалі назірацца гадоў у 13–14. Тады сын шпарка вырас сантымэтраў на 20, фізычна падужэў. Аднойчы прыйшоў дадому п’яны. Бацькі сталі выхоўваць, крычаць, а сын у адказ падняў на іх руку і пачаў іх зьбіваць. У хаце стаяў крык, але суседзі ня ўмешваліся. Гэта была не адзіная такая кватэра, дзе сям’я скандаліла.

Расказваць некаму пра гэты ды іншыя падобныя выпадкі Людміле з мужам было сорамна, зьвяртацца ў міліцыю — тым больш. Ісьці з маці да псыхоляга падлетак катэгарычна адмаўляўся. Супакойвала тое, што выбухі гневу ў хлопца здараліся нячаста. Вонкава ён выглядаў добрым ды ветлівым, у школе вучыўся добра. Калі сьледчыя пасьля арышту падлетка апытвалі суседзяў пра абставіны ў сям’і, тыя ўсе як адзін казалі: узорныя бацькі, шмат працуюць, сынок дагледжаны, жывуць добра, у сям’і ўсё ёсьць — машына, лецішча...

«Мы з мужам у маладосьці жылі бедна, — кажа Людміла. — Калі зьявіўся сын, паставілі перад сабой мэту, каб той ніколі не зазнаў, што такое галеча. Працавалі па 24 гадзіны ў суткі. Зразумела, стамляліся, нярэдка скандалілі паміж сабой з-за грошай. У прысутнасьці сына, а той плакаў ды прасіў, каб мы спыніліся. Яму зусім іншае было трэба».

«Разумею, што трэба нешта рабіць, але ня ведаю што»

Непаўналетнія зьняволеныя дзіцячай калёніі ў Бабруйску

Турэмныя псыхолягі, якія працуюць цяпер з асуджаным падлеткам, называюць яго стан псыхічным расстройствам асобы. Паводле айчыннай клінічнай клясыфікацыі, гэта не хвароба, а хваравітыя зьмены характару. Ключавыя сымптомы — няздольнасьць раскайвацца, выконваць сацыяльныя нормы, схільнасьць да падману. Такія дзеці не паддаюцца «агульным правілам», і ў іх свае паняцьці пра тое, што такое добра ці дрэнна. Яны могуць жорстка зьбіць іншага чалавека (часьцей за ўсё — аднагодка ці малодшага) толькі таму, што той адмовіў ім у нечым ці зрабіў нешта такое, што ім не падабаецца. Адмыслоўцы кажуць, што такіх дзяцей апошнім часам становіцца ўсё болей.

***

«Пакінеш з братам — скончыцца крывёй»

Яшчэ адна гісторыя, пра якую на форуме «Свабоды ў турмах» у якасьці водгуку на публікацыю пра нядаўнюю трагедыю ў Слоніме паведаміла маці 16-гадовага хлопца.

«Апошнім часам, — піша яна, — з сынам адбываецца тое, што нармальныя людзі не ўспрымаюць. Ён ненавідзіць усю сям’ю, мы, хатнія, для яго — стварэньні, ня вартыя жыць на зямлі. Малодшага брата зь ім пакінуць не рэальна. Гэта заканчваецца крывёю. То нос разьбіты, то галава, то сіняк паставіць. У 10-й клясе яго выгналі са школы за доўгія прагулы. Пайшоў у вучэльню — і адтуль выгналі празь месяц. Пра тое, каб пайсьці працаваць, і слухаць ня хоча. Проста сядзіць дома. Спаць кладзецца а 5-й раніцы, прачынаецца а 5-й вечара. Калі ня сьпіць, то глядзіць тэлевізар ці сядзіць у інтэрнэце. Уваходзіць у ягоны пакой катэгарычна забаронена. У яго свой асобны посуд, які ён трымае ў пакоі. Харчуецца там жа. Дзьверы замыкае.

Яму літаральна ўсе абавязаныя — даваць грошы, адзяваць па модзе і наагул забясьпечваць усім неабходным. Больш-менш ціха ён паводзіць сябе пры бацьку, але таго пастаянна няма дома, працуе шмат. Я застаюся адна з гэтым монстрам і баюся нават уявіць, што будзе, калі ён вырасьце. Разумею, што трэба нешта рабіць, але ня ведаю што. Чым далей, тым горш. Бо ён можа пазабіваць нас наогул. Пры гэтым ён ня курыць, не выпівае, не наркаман, і сябры ў яго ўсе зьнешне нармальныя хлопцы», — піша жанчына.

«Неаднойчы пагражаў нам, што заб’е»

Ілюстрацыйнае фота. Непаўналетнія ў жаночай калёніі

Ірына з гораду на поўдні Беларусі кажа, што таксама баіцца свайго сына. Ейнаму Сашу няма і 14 год. У такім веку нават за самыя цяжкія правапарушэньні не бывае крымінальнай адказнасьці. Тых, каму ня споўнілася 14, не аддадуць пад суд, не накіруюць у спэцвучэльню для праблемных падлеткаў, а тым больш у дзіцячую калёнію. Яны застаюцца ў сям’і.

«Я баюся і за сябе, і за дачку, — кажа Ірына. — Саша неаднойчы пагражаў нам, што заб’е. Мяне, напрыклад, біў нагой у жывот. Круціў рукі, пальцы... Я перажываю, што ў лепшым выпадку ён трапіць за краты, а ў горшым яго аднойчы знойдуць забітым. У школу ён амаль ня ходзіць, а калі там зьяўляецца, то для таго, каб чарговы раз некага пакрыўдзіць. Нехта даў яму балёнчык, ён падпаліў яго запалкай і спаліў малому хлопчыку валасы. Ён не рэагуе ніяк на заўвагі. Толькі сьмяецца. Можа забраць у нас грошы. Калі пытаюся ў яго — „Чаму, у цябе ж усё ёсьць?“ — чую адказ: „Мы з пацанамі хацелі нешта купіць“. Магчыма, гэта наркотыкі. Аднойчы ён ужо прыйшоў дадому раніцай, невядома дзе правёўшы ноч, у наркатычным стане, з пашыранымі зрэнкамі. Паводзіў сабе вельмі дзіўна — сам з сабой размаўляў, сам сабе сьмяяўся. Я баюся і за яго, і за нас».

Як кажа Ірына, у сваіх шматлікіх паходах на камісіі па справах непаўналетніх яна чула пра самыя розныя выпадкі зь «цяжкімі падлеткамі»: вось 14-гадовы падлетак згвалтаваў 11-гадовага хлопчыка, вось група дзяўчатак такога ж узросту цынічна і жорстка распраўлялася з былымі сяброўкамі за тое, што тыя «пасьмелі» іх пакрыўдзіць. Зьбівалі рукамі і нагамі, плявалі ў твар, прымушалі есьці зямлю, імітаваць палавыя акты. А катаваньне жывёлаў — гэта для міліцыі ўжо ўвогуле руціна.

У суседняй Расеі гучаць прапановы, каб зьнізіць узрост судовай адказнасьці. Ірына нічога добрага ў гэтым ня бачыць — у краіне ня створаная сыстэма выпраўленьня і рэабілітацыі дзяцей, якія ўчынілі злачынствы.

«Нават калі і зьнізіць гэты крытэр і пасадзіць усіх малалетніх правапарушальнікаў за краты, гэта ня вырашыць праблему. Такія дзеці толькі стануць закладнікамі турэмнай сыстэмы і ня змогуць ужо ніколі вярнуцца да нармальнага жыцьця».

У «кайданах» сындрому пакінутага чалавека

Актывістка адной зь няўрадавых чарнобыльскіх ініцыятываў на поўдні Нямеччыны Сюзана Вільд нядаўна прыяжджала ў Беларусь з групай тых, хто прымае ў сябе дома на канікулах беларускіх дзяцей. Паводле першай адукацыі яна сацыяльны пэдагог. У Нямеччыне доўга працавала зь цяжкімі падлеткамі. Тымі, хто паводзіць сябе агрэсіўна, робіць нешта супрацьзаконнае, хуліганіць, крадзе, рабуе... Неаднойчы ў рамках дабрачыннай чарнобыльскай праграмы прымала на канікулах ня самых «лёгкіх» беларускіх дзяцей з забруджаных радыяцыяй мясцовасьцяў.

Канікулы беларускіх «праблемных» дзяцей у Нямеччыне, канец 1990-х

«Па сутнасьці, цяжкія падлеткі ва ўсім сьвеце вельмі псыхалягічна падобныя паміж сабой, — кажа Сюзана. — Усе яны нібыта апынуліся ў „кайданах“ сындрому пакінутага чалавека, жывуць у стане трывогі, паступова становяцца замкнёнымі, падазронымі. Перажываньні адбіваюцца на твары: найчасьцей у іх вельмі сумныя вочы».

Непаўналетнія агрэсары мелі праблемы ў сям’і

Паняцьце «сындром пакінутага» ўпершыню выкарыстаў К.Г.Юнг. Псыхолягі ды сацыяльныя пэдагогі з розных краінаў часта яго згадваюць, калі размова ідзе пра жорсткія злачынствы, учыненыя дзецьмі ды падлеткамі. Зразумела, ня ўсе дзеці з праблемных сем’яў становяцца злачынцамі, аднак практычна ўсе непаўналетнія, хто ўчыніў злачынства, так ці інакш мелі праблемы ў сям’і. Калі зьнікаюць адносіны з блізкімі людзьмі, хоць фізычна яны побач, калі дзіця ня чуе любові ад тых, каго само любіць, то адчувае спустошаньне і боль страты.

Канікулы беларускіх «праблемных» дзяцей у Нямеччыне, канец 1990-х

Адрозна ад Беларусі, у Нямеччыне існуе ювэнальная юстыцыя — сетка ўстаноў і арганізацый, якія сумесна, на аснове адпаведных законаў ды працэсуальных нормаў, працуюць зь непаўналетнімі правапарушальнікамі. Выхаваньне такіх дзяцей курыруецца ведамствам па справах моладзі («Югендамт»). Нямецкія дзеці згодна з законам маюць права на выхаваньне бяз гвалту. Наносіць ім цялесныя пашкоджаньні, псыхічныя траўмы, прыніжаць чалавечую годнасьць забаронена. Яшчэ адзін прынцыповы момант, на які рэагуе Югэндамт, — гэта тое, што бацькі не павінны пакідаць дзіця надоўга бяз догляду, каб выпадкова не пакалечылася. Сыгналы нават пра самае нязначнае парушэньне гэтых нормаў, а тым больш пра скандалы ў сем’ях паступаюць у Югендамт звычайна ад суседзяў.

Сацыяльны пэдагог Сюзана Вільд кажа: каб высьветліць, у якіх абставінах жыве дзіця ці падлетак, яе калегі размаўляюць з настаўнікамі ды аднаклясьнікамі, з бацькамі. Ведамства становіцца свайго роду апекуном для дзіцяці.

Ніхто не павінен быць згублены — падыход да «цяжкіх» падлеткаў у Нямеччыне

Сюзана Вільд: «Калі закон парушае падлетак да 14 гадоў, то ён ня можа трапіць за краты. Тым ня менш, калі гэта праблемны падлетак і яго дзеяньні могуць быць небясьпечнымі для іншых, яго могуць накіраваць ва ўстанову кшталту дзіцячага дому.

канікулы беларускіх „праблемных“ дзяцей у Нямеччыне, канец 1990-х. За сталом у нямецкай сям'і

Гэта звычайна маленькія будынкі, разьлічаныя на невялікую групу дзяцей. Акрамя сацыяльных пэдагогаў, з такімі дзецьмі працуюць псыхолягі і мэдыкі. Паколькі дзеці найчасьцей з праблемных сем’яў, іх вучаць тым элемэнтарным жыцьцёвым рэчам, якіх яны не пазналі ў сябе дома. Напрыклад, самім гатаваць для сябе і групы сямейны сьняданак, разам есьці і абмяркоўваць, напрыклад, вынікі мінулага дня ці рэчы, якія іх хвалююць.

У працы з такімі падлеткамі, якія часта маюць псыхалягічныя траўмы, выкарыстоўваецца „пэдагогіка перажываньняў“: адмыслоўцы стараюцца ўзьняць у падлетка ўзровень эмпатыі.

Як паказвае практыка, гэтаму вельмі спрыяюць групавыя паходы ў лес, выезды на прыроду на роварах. Некалькі дзён падлеткі жывуць у палатках, вучацца абслугоўваць сябе ва ўмовах нашмат больш складаных, чым у горадзе».

Дарэчы, падобныя падыходы таксама сустракаліся і ў праграмах нямецкага адпачынку чарнобыльскіх дзяцей, сярод якіх былі дзяўчынкі ды хлопчыкі з праблемных сем’яў, выхаванцы інтэрнатаў ды дзіцячых дамоў. Нямала хто зь іх ўпершыню ў жыцьці зьведаў такія рэчы, як сьвяткаваць дні народзінаў за прыбраным самімі ж прыгожым сталом, выяжджаць разам з дарослымі на пікнікі на прыроду, рабіць на выходныя паходы на роварах ды чаўнах.

Паводле спадарыні Вільд, усё гэта павышае ў вачах падлетка ўласную самаацэнку ды самасьвядомасьць — тое, чаго такім дзецям найчасьцей бракуе.

«Адзін з галоўных прынцыпаў нямецкай сацыяльнай пэдагогікі — ніводзін чалавек не павінен быць згублены», — кажа Сюзана Вільд.