Беларусам трэба адмовіцца ад нацыяналізму

Ёсьць словы, якія з часам і па-за кантэкстам губляюць свой пачатковы сэнс. Слова нацыяналізм у Беларусі шкодзіць многім, хто пад ім падпісваецца. Яно дэманізуе яго носьбітаў і ўводзіць у зман наконт іх каштоўнасьцяў і намераў.

Звычайнае яшчэ 70 гадоў таму для беларусаў слова «жыд» — сёньня абражае габрэяў. Бяскрыўдная традыцыя фэмінізацыі прозьвішча з дадаткам канчатку — іха: Клінтаніха, Войнічыха, Карачыха — абражае жанчын. Можна, вядома, праігнараваць крытычныя меркаваньні і гнуць сваю лінію пра адвечнасьць гэтых словаў у слоўніку беларуса. Але гэта ніяк не паспрыяе іх прыняцьцю большасьцю. Можна старанна тлумачыць іншым who is wsho, але чаcу на гэта пойдзе больш, чым уласна на само ажыцьцяўленьне таго, за што змагаюцца беларускія нацыяналісты.

Беларускі нацыяналізм ніколі ня быў накіраваны на экспансію.

У Беларусі нацыяналістамі сябе называюць людзі, якія выступаюць за адраджэньне беларускай мовы, за гістарычныя сымбалі, за несавецкі погляд на гісторыю, за кансалідацыю нацыі паводле ўзору: «мы ўсе грамадзяне Беларусі і яе інтарэс — гэта наш інтарэс». Вядома, ёсьць выключэньні, якія пацьвярджаюць правіла. Ёсьць і сярод беларусаў тыя, хто мараць мыць боты ў Балтыйскім моры і зьбіраць ягады пад Бранскам. Але будзем шчырымі, гаворка пра сацыялягічную памылку. Беларускі нацыяналізм ніколі ня быў накіраваны на экспансію. Яго ідэолягамі былі беларусы, расейцы, татары, габрэі і прадстаўнікі іншых нацыяў, якіх захапіў беларускі праект. Выраз «нацыяналізм» у нас заўсёды значыў нешта іншае, чым у народаў, якія даўно сфармаваліся.

Для паляка, славака, немца ці чэха праблемы беларускіх нацыяналістаў — космас. Людзі там не разумеюць, як, маючы ўласную мову, можна гаварыць на іншай. Як можна спрачацца наконт савецкай сымболікі і гербу «Пагоня», якому больш за 600 гадоў. Для іх гэтыя рэчы — даўно норма, і ў іхных грамадзтвах існуе згода на гэты конт.

Нацыяналіст у Эўропе — гэта слова зь нэгатыўнай канатацыяй. Гэта сынонім шавініста і ксэнафоба.

Тым ня менш, і там ёсьць нацыяналісты. І вось тут пачынаюца беларускія праблемы з гэтым словам. Нацыяналіст у Фінляндыі — гэта ня тое самае, што нацыяналіст у Беларусі. Нацыяналіст у краіне са сваёй мовай, гісторыяй, сымбалямі, урадам, які ім ляяльны, змагаецца за нешта іншае. Нацыяналісты ў Эўропе — гэта вугорскі Jobbik, фінская партыя Perussuomalaiset, францускі Front National і польскі Ruch Narodowy. У сваёй рыторыцы яны выкарыстоўваюць антысэміцкія, антыцыганскія, гамафобскія лёзунгі. Чальцы гэтых рухаў вельмі часта шавіністы і ксэнафобы. Іх дзейнасьць часта адбываецца пад лёзунгамі этнічнай выключнасьці ў парамешку з ідэямі адваяваць страчаныя некалі тэрыторыі. Нацыяналіст у Эўропе — гэта слова з нэгатыўнай канатацыяй. Гэта сынонім шавініста і ксэнафоба. Таму кожны чалавек, якія сябе так называе ў Беларусі, павінен быць гатовы да таго, што на Захадзе да яго могуць ставіцца падазрона, часам са шкадаваньнем, а недзе і зь непрыняцьцем. І ў самой Беларусі гэтае слова палохае ня менш, бо з савецкіх часоў яно стала ледзь ня лаянкай.

Нацыяналізм асацыююцца з накачанымі юнакамі ў чорнай вопратцы і ў масках.

Нацыяналісты і нацыяналісты — гэта дзьве вялікія розьніцы. Нацыяналістам сябе лічыў Васіль Быкаў. Але ці чулі мы зь яго вуснаў ненавісьніцкую рыторыку і жаданьне адваяваць Смаленск, разабрацца з «цыганамі» і «пасадзіць на валізкі рускіх»?

«Нацыяналізм вялікай нацыі непазьбежна перараджаецца ў шавінізм і імпэрыялізм, а нацыяналізм малой нацыі, якім бы ён ні быў, накіраваны перш за ўсё на выжываньне сваёй нацыі сярод іншых», — сказаў некалі Быкаў.

Гэта казалі і да Быкава. Але нацыяналізм, тым ня менш, і далей асацыююцца з накачанымі юнакамі ў чорнай вопратцы і ў масках, якія з паходнямі ідуць шэсьцем і крычаць на ўсё горла ксэнафобскія лёзунгі.

Чым больш сьвет будзе глябалізавацца, тым часьцей нацыяналістамі будуць палохаць.

Адмыць гэтае слова наўрад ці ўдасца. Чым больш сьвет будзе глябалізавацца, тым часьцей нацыяналістамі будуць палохаць. Але наступстваў павінны баяцца мы, беларусы, а не замаскаваныя маладзёны, якія мараць пра экспансію сваёй краіны і вырашэньне раз і назаўсёды пытаньня чужынцаў побач з сабою. Дык можа, варта падумаць над тым, каб адмовіцца ад гэтага слова ў дачыненьні да людзей, якія маюць шляхетныя мэты і якім не па дарозе з тымі, каго ў Эўропе называюць нацыяналістамі?

Нехта запярэчыць, што важней рабіць, чым дыскутаваць над нечым, што мае сымбалічнае значэньне. У гэтым ёсьць вялікая рацыя. Але калі б сымбалі ня мелі значэньня, то ў 1991 годзе ніхто б не прымаў бел-чырвона-белы сьцяг у якасьці дзяржаўнага. А ў 1995 - м Лукашэнка не прыдумляў бы свой.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.