Памежны камітэт адказаў на скаргі ўкраінскіх артыстаў: чакалі, але ў межах нормы

У Памежным камітэце Беларусі адмаўляюць, што 18 траўня ў пункце пропуску «Новая Гута» на беларуска-ўкраінскай мяжы ў дачыненьні грамадзян Украіны былі дапушчаныя парушэньні.

Вось што паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар Памежнага камітэту Антон Бычкоўскі:

«Мікрааўтобус маркі „Мэрсэдэс“, у якім ехалі 13 грамадзян Украіны, прыбыў у пункт пропуску „Новая Гута“ на ўезд у Беларусь каля 4 гадзін 15 хвілін раніцы 18 траўня і знаходзіўся на ягонай тэрыторыі да 6 гадзін 40 хвілін, усяго каля 2 гадзін 25 хвілін. Гэта было выклікана тым, што перад ім у чарзе на афармленьне знаходзілася яшчэ 4 аўтобусы рэгулярных і нерэгулярных зносін. На іх афармленьне нарматывам адпушчана да 40 хвілін, і таму, пакуль яны не былі аформленыя, давялося чакаць. Акрамя таго, усе пасажыры, якія зьвярталіся да супрацоўнікаў пункту пропуску з просьбай наведаць месцы агульнага карыстаньня, такую магчымасьць атрымалі, і гэта можа быць пацьверджана відэазапісамі з камэраў відэаназіраньня, разьмешчаных у пункце пропуску».

Між тым, паводле народнага артыста Ўкраіны Марʼяна Гадзенкі, які ехаў у складзе групы з 13 чалавек на канцэрт для ўкраінскай дыяспары ў Менск на запрашэньне амбасады Ўкраіны, украінскі аўтобус быў на пункце пропуску «Новая Гута» з 1:30 ночы да 7 гадзіны раніцы. Паводле спадара Гадзенкі, пакуль яны чакалі праверкі, беларускія памежнікі забаранялі ўключаць рухавік аўтобуса, каб сагрэцца, і не пускалі ў прыбіральню.

«Нас было 13 асобаў, разам з кіроўцам: творчая група тэлебачаньня, два рэдактары, два апэратары, якія здымалі канцэрт, я як вядоўца, наша трыё „Салавейкі“, дуэт, гукарэжысэр... На мікрааўтобусе мы прыбылі з Кіева на беларускі бок мяжы каля паловы другой ночы. Былі першымі ў чарзе, увогуле мы адны там стаялі. Прастаялі так гадзіну, ніхто не пускаў. Я падышоў да памежнікаў, прадставіўся, сказаў, што мы едзем на канцэрт, але едзем транзытам, у нас ёсьць тэлевізійная тэхніка. Але пасьля майго звароту, замест таго, каб нам пайсьці насустрач, усё пайшло наперакор. Нас запусьцілі ў нейкі „рукаў“, і мы сталі там у тупіку. А яны ўсё бегалі, раіліся, шмат разоў забіралі пашпарты, пасьведчаньні службовай выправы, дакумэнты на тэхніку. Я іх пачаў прасіць, што людзі добрыя, ужо шостая раніцы, дзеці хочуць у туалет! А нам не дазвалялі, нават машыну завесьці не дазвалялі, і дзеці мерзьлі. Што яны гэтым хацелі сказаць, я не разумею. Я ім патлумачыў, куды мы едзем, сказаў, што зайдзіце на сайт амбасады Ўкраіны, там напісана пра наш канцэрт; сказаў, што я ня злодзей, што я чалавек, які любіць беларусаў. І мне сапраўды балюча, што пасьля гэтай ночы нашая моладзь, якая ехала з намі, будзе кепска ставіцца да Беларусі толькі за тое, што зь імі так абышліся. Гэта быў зьдзек у прамым значэньні слова».

Марʼян Гадзенка мяркуе, што сытуацыя выправілася толькі пасьля таго, як ён папярэдзіў памежнікаў, што будзе зьвяртацца да Аляксандра Лукашэнкі.

«І толькі калі я сказаў, што я паеду да прэзыдэнта Беларусі, таму што тут дзеці, а сёмай гадзіне раніцы яны прапусьцілі нас, нават не паглядзеўшы, што мы вязём. Ніхто ніяк ня выбачыўся», — паведаміў украінскі артыст карэспандэнту Свабоды.

Што насамрэч адбылося ў пункце «Новыя Гута» ўначы на 18 траўня?

«Мы валодаем пэўнымі доказамі і можам іх пацьвердзіць», — сказаў прэсавы сакратар Памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі наконт несупадзеньня зьвестак бакоў пра час інцыдэнту ды іншыя разыходжаньні.