Судзьдзя Вярхоўнага Суду Ганна Сакалоўская і пракурор Уладзімер Ляўданскі з уласнай ініцыятывы вядуць працэс па-беларуску. Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Аляксей Пячкураў таксама перайшоў на беларускую мову, хоць 17 і 18 траўня на працэсе з нагоды разгляду аналягічнай скаргі АГП гаварыў па-расейску.
Міністэрства юстыцыі спасылаецца на паведамленьні на розных інфармацыйных рэсурсах (у пераліку іншых сайтаў фігуруюць і матэрыялы Радыё Свабода), дзе сябра БНФ Зьміцер Касьпяровіч распавядае пра дату, месца і час мерапрыемства, не дазволенага Менгарвыканкамам. А паводле закону «Аб масавых мерапрыемствах», да атрыманьня дазволу на правядзеньня сходу, мітынгу, масавага шэсьця ў СМІ і інтэрнэце забаронена разьмяшчаць падобную інфармацыю. Таму Мінюст вынес папярэджаньне палітычнай партыі.
Аляксей Янукевіч у сваім выступе зьвяртае ўвагу на само значэньне даты 25 Cакавіка, адраджэньне беларускай дзяржаўнасьці. Кажа, што штогод Менгарвыканкам не дазваляе належным чынам адзначыць гэтую дату, не дае дазволу на правядзеньне мерапрыемстваў у цэнтры гораду. Адзначае парушэньне заканадаўства Менгарвыканкамам — за 5 дзён да акцыі ня быў дадзены адказ на заяўку; былі шматлікія парушэньні і з боку праваахоўных органаў: нематываванае выкарыстаньне сілы, жорсткія затрыманьні, зьбіваньне грамадзян. «Папярэджаньне незаконнае, не адпавядае ні літары, ні духу закону», — рэзюмуе Янукевіч.
Пракурор Уладзімер Ляўданскі запытаўся, ці ініцыявала сама Партыя БНФ нейкія мерапрыемствы сьвяткаваньня Дня Волі. «Сёлета не ініцыявала», — адказаў Аляксей Янукевіч. Пракурор ацаніў «вялікія арганізацыйныя здольнасьці» Янукевіча.
Юрась Чавусаў зьвярнуў увагу на грамадзка-палітычны аспэкт гэтай справы. Згадаў пра справаздачу ААН у гатэлі «Манастырскі», дзе сёньня МЗС, Мінюст распавядаюць міжнародным структурам пра свабоду сходаў у Беларусі. «Мы ў Вярхоўным Судзе фіксуем парушэньні свабоды сходаў», — кажа Чавусаў.
На думку Чавусава, не Міністэрства юстыцыі было ініцыятарам папярэджаньня. Ініцыятарам былі іншыя сілы, якія справакавалі зьбіваньне, арышты людзей безь ніякіх юрыдычных падстаў.
«Гэта спроба перанесьці адказнасьць на Партыю БНФ ды іншыя палітычныя сілы», — заявіў спадар Чавусаў.
Што да юрыдычнага аспэкту гэтай справы, Чавусаў працытаваў артыкул 22 закону «Аб палітычных партыях»: партыя не адказвае за дзеяньні сваіх чальцоў. Закон прапісвае працэдуру, як партыя ўпаўнаважвае сяброў кіроўнага органа прадстаўляць партыю. Павінен быць аформлены дакумэнт, што кіроўны орган упаўнаважвае пэўнага сябра дзейнічаць ад імя партыі. Зьміцер Касьпяровіч ня меў права, ня меў дакумэнта быць упаўнаважаным, а дзейнічаў як фізычная асоба.
Папярэджаньне Мінюсту зьмяшчае і працэдурныя хібы, сьцьвярджае Юрась Чавусаў. Пярэчаньні Мінюсту партыя атрымала толькі ўчора. Касьпяровіч нідзе не пацьвярджае сваю партыйную прыналежнасьць. Раздрукоўкі зробленыя пазаўчора, а ня ў даты разьмяшчэньня публікацый.
«Ні старшыня партыі Аляксей Янукевіч, ні сябра Сойму Зьміцер Касьпяровіч не былі прыцягнутыя за тыя парушэньні, якія Мінюст інкрымінуе партыі. Парадокс — Мінюст штурхае Вярхоўны Суд да парушэньня правілаў падсуднасьці», — выказаў меркаваньне Юрась Чавусаў. — «Мінюст не прад’явіў доказаў вінаватасьці партыі БНФ, таму папярэджаньне належыць адмяніць у сувязі з адсутнасьцю падставы».
Прадстаўнік Мінюсту Аляксей Пячкураў не пагаджаецца з довадамі партыі БНФ. Менгарвыканкам быццам бы перадаў у міністэрства копію заявы, дзе ў ліку заяўнікаў — Касьпяровіч, які зьяўляецца прадстаўніком партыі БНФ, уваходзіць у склад Сойму. У публікацыях, які прадставіў Мінюст, былі пазначаныя дата, маршрут меркаванай акцыі. На сайце партыі БНФ быў разьмешчаны зварот старшыні партыі Янукевіча да Дня Волі. На думку Пячкурава, Партыя БНФ абвяшчала ў інтэрнэце інфармацыю пра дату, час і месцы мерапрыемства да атрыманьня дазволу на яго правядзеньне.
Чавусаў задае пытаньне: ці вядома Мінюсту аб рашэньні Менгарвыканкаму наконт заявы на дазвол мерапрыемства, якую ў ліку іншых падпісваў і Касьпяровіч? Ці ёсьць копія гэтага рашэньня? «Невядома», — адказаў Пячкураў.
Пазьней на пытаньне судзьдзі Сакалоўскай, якое рашэньне было прынята Менгарвыканкамам пра заяву на масавае мерапрыемства 25 Сакавіка, Пячкураў адказаў, што запыту яны не рабілі, ня ведаюць лёсу гэтай заявы.
Янукевіч задае пытаньне прадстаўніку Мінюсту:
«Ці лічыце вы інфармацыю, разьмешчаную на сайтах „Нашай Нівы“, Радыё Свабода цалкам праўдзівай і дакладнай?» — «Не лічу. Але я прыводзіў інфармацыю і зь іншых сайтаў». Янукевіч пытаецца: «Вы ўсю інфармацыю правяраеце?» — «Ня ўсю. Для нас мае значэньне, што інфармацыя была разьмешчаная ў інтэрнэце і даводзіцца да грамадзянаў», — адказаў прадстаўнік Мінюсту.
Пракурор просіць удакладніць: «Пазоўнікі сказалі, што вы не запытвалі ніякай інфармацыі ў самой партыі?». «Так», — адказаў прадстаўнік Мінюсту.
Янукевіч удакладняе, што ўсе раздрукоўкі для суду, якія прад’явіў Мінюст, былі зробленыя 16 траўня.
Сайт «Беларускі партызан» зарэгістраваны ў Расеі, сайт Радыё Свабода зарэгістраваны ў ЗША. Гэта значыць, шэраг сайтаў ня маюць дачыненьня да Беларусі. «Раздрукоўкі зроблены толькі пазаўчора, і яны ня могуць разглядацца ў судзе, бо ня факт, што яны зьявіліся на сайтах да 25 Сакавіка».
Пасьля трох гадзін разгляду справы судзьдзя Ганна Сакалоўская дала даручэньне абодвум бакам данесьці некаторыя дакумэнты, у тым ліку і зь Менгарвыканкаму — калі Зьміцер Касьпяровіч адклікаў сваю заяву, ці была акцыя дазволеная.
Наступнае пасяджэньне 19 траўня а 14-й гадзіне.
17 траўня Вярхоўны Суд разглядаў аналягічную справу і прызнаў цалкам законным папярэджаньне, вынесенае Міністэрствам юстыцыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.