Пазоўнікі — старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і сябра Сойму Юрась Чавусаў. Адказьнік — прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Аляксей Пячкураў.
Працэс вядзе судзьдзя Ганна Сакалоўская — на беларускай мове. Пракурор адказвае па-беларуску.
Прадстаўнік Мінюсту ў судзе таксама перайшоў на беларускую мову, хоць 17 і 18 траўня на працэсе з нагоды аналягічнай скаргі АГП гаварыў па-расейску.
Пазоўнікі не прасілі весьці працэс па-беларуску, суд сам прыняў такое рашэньне.
Падставай для папярэджаньня стаў удзел Партыі БНФ у падрыхтоўцы дэманстрацыі да Дня Волі, а менавіта распаўсюд заяўнікамі інфармацыі пра месца і час заплянаванай акцыі раней, чым на яе быў атрыманы дазвол.
Партыя БНФ лічыць пісьмовае папярэджаньне Мінюсту беспадстаўным, бо заяўнікамі сёлетняй акцыі 25 сакавіка былі грамадзяне як фізычныя асобы.
Партыя БНФ разглядае гэтае папярэджаньне як праяву палітычнага ціску на апанэнтаў улады, заявіў яе старшыня Аляксей Янукевіч.